Суды ня хочуць разглядаць выбарчыя справы

Кіраўніцтва АГПі і КПБ атрымалі адказы, адпаведна, з менскага гарадзкога і Савецкага раённага судоў.

У лісьце судзьдзі суду Савецкага раёну Муранцовай паведамляецца, што гэтым арганізацыям адмоўлена ў завядзеньні грамадзянскай справы па фармаваньню ўчастковых выбарчых камісіяў з-за непадведамственасьці яе судам.

Юрысты спасылаюцца на артыкул 34 Выбарчага кодэксу. У ім вызначаецца парадак утварэньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Маўляў, гэты артыкул, а таксама іншыя нормы Выбарчага кодэксу не прадугледжваюць скаргаў на фармаваньне участковых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Прадстаўнікі АГП і ПКБ – Анатоль Лябедзька, Алена Скрыган, Уладзімер Раманоўскі і іншыя - скардзіліся на тое, што пры фармаваньні выбарчых камісіяў быў парушаны прынцып раўнага прадстаўніцтва. Таму яны патрабавалі правесьці новае фармаваньне выбарчых камісіяў.