Гомель: “Я б хацеў пагутарыць з кандыдатам, але магчымасьці такой ня маю”

Belarus - Elections-2008, Empty information board, 3Sep2008

“Ці ведаеце вы кандыдатаў у дэпутаты па вашай выбарчай акрузе? Ці вядуць яны агітацыю?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадарыня: “Ня ведаю ні дэпутата, ні кандыдата. У нас ёсьць дошкі аб'яў ля кожнага пад’езду, але на іх нічога няма”.

Спадар: “Я жыву на вуліцы Перамогі. У нашай акрузе балятуецца начальнік “Гомельпрамбуду” Чыкілеў. Як ён вядзе агітацыю, я ня ведаю. Адзінае заўважыў — раздалі ўлёткі: “Галасуйце за Чыкілева!” Я б хацеў зь ім пагутарыць, задаць некалькі пытаньняў. Але магчымасьці такой ня маю — не пазначаны нідзе ягоныя тэлефоны, няма сустрэчаў. А пару пытаньняў я б задаў. Я ў “Гомельпрамбуд” уклаў шэсьць гадоў таму свае акцыі. За гэты час мне налічылі 5 тысяч рублёў дывідэндаў”.

Спадарыня: “Прынесьлі нейкія паперкі проста на кватэру. Я нават не прачытала, хто і што. Я трыццаць гадоў жыву ў аднапакаёвай кватэры з двума дзецьмі і ўжо з унукамі… Цяпер галасаваць ні за кога ня буду”.

Спадарыня: “Філімончык Тацьцяна вісіць у Савецкім раёне на дошцы аб’яў. Ніякай агітацыі ня бачу. Плякат вісіць — прачыталі”.

Спадарыня: “Улётак у нас у паштовых скрынях на вуліцы Амурскай няма ніякіх. Не аб’яўлялі яшчэ, хто будзе кандыдатам. Сустрэч ніякіх не было”.

Спадар: “Аляксандар Шаўко — былы дырэктар заводу імя Кірава, ён і цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Льготы паадмяняў. І жанчына зь ім у акрузе, ня памятаю яе прозьвішча — яна першы раз балятуецца. Яны выступалі на тэлебачаньні і на мясцовым радыё”.

Спадар: “Ня ведаю, хто кандыдат і што ён робіць у нашым мікрараёне Стары Аэрадром. Прыслалі толькі квіткі, каб прыйшлі галасаваць. А за каго галасаваць — нічога не напісана”.

Спадар: “Адкуль жа я магу ведаць, хто ідзе ў дэпутаты? Агітацыі няма ні на пад’езьдзе, нідзе”.

Спадар: “Якая нам патрэбна агітацыя?! Мы і так усіх да аднаго ведаем. Дэпутаты з прэзыдэнтам адмянілі ўсе льготы”.

Спадарыня: “Нам далі паперкі, але нічога яшчэ не казалі”.

Спадар: “Я ведаю пра кандыдата, але баюся па памяці назваць яго. Прозьвішча прачытаў на стэндзе. Нічога ня ведаю пра ягоную агітацыю”.