В.Гарбачоў: “Забарона на агітацыю — удар ніжэй поясу”

Як камэнтуюць актывісты апазыцыі ў рэгіёнах рашэньне кандыдатаў ад АГП у Менску адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Сябра АГП, кандыдат у дэпутаты па Барысаўскай гарадзкой выбарчай акрузе № 62 Віктар Гарбачоў:

“Я лічу, што на гэта яны маюць канстытуцыйнае і асабістае права. Забарона на наглядную агітацыю — гэта ўдар ніжэй поясу. Няма сэнсу агітаваць ад кватэры да кватэры, якой бы моцнай ды актыўнай ні была каманда падтрымкі. Гэта несправядлівая сытуацыя ў падрыхтоўцы да выбараў. Таму на дадзеным этапе яны паступілі правільна”.

Віктар Гарбачоў сёньня даведаўся пры вынікі закрытага паседжаньня Барысаўскага гарвыканкаму з удзелам кіраўнікоў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў і ўстаноў рэгіёну. Ён кажа:

“Дадзена каманда галасаваць за Віктара Гумінскага (дзейны дэпутат-палатнік), Васіля Гур’янава (генэральны дырэктар РУП “Барысаўхлебпрам”) і Васіля Люцікава (лекар РУПП “Беларускі аўтамабільны завод” у Жодзіне). Папярэдзілі: “Зрабіце правільныя высновы! Загадваем, каб добра папрацавалі са сваімі падначаленымі. Асноўная частка іх павінна прагаласаваць датэрмінова”.

Выбараў дэмакратычных ня будзе!”