Новы пазоў да рэдакцыі “Газеты Слонімскай”

Галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук

Галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук паведаміў “Свабодзе”, што выданьне зноў апынулася ў складанай сытуацыі: яму пагражае буйны грашовы штраф.

“Пазоў у суд накіравала старшыня Слонімскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускае таварыства інвалідаў” Алена Новікава. Яна нібыта пакрыўдзілася на публікацыю ў жнівеньскім нумары “ГС” і патрабуе грашовай кампэнсацыі “за маральныя страты ў памеры 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў”. Я лічу гэтае патрабаваньне абсалютна надуманым, бо нашага журналіста запрасілі на размову, адкрыта расказалі пра ўсе свае праблемы, а цяпер яго ж і абвінавачваюць”.

Нагадаем, што сёлета ў чэрвені рэдакцыю “Газеты Слонімскай” выселілі з памяшканьня ў слонімскім Доме быту, якое яна займала апошнія сем гадоў. Яшчэ і цяпер вывезеная мэбля і архіў знаходзяцца ў чужых гаражах. Працоўныя месцы абсталяваныя ў ахвяраванай для рэдакцыі прыватнай драўлянай хатцы. Рэкляму газэта змушаная зьбіраць у шапіку на слонімскім рынку.

Раней “Газету Слонімскую” выкінулі з падпіснога каталёгу. Пасьля паступіў загад не прадаваць яе ў шапіках “Белсаюздруку” і ў крамах дзяржаўнага гандлю.

Але і пад гэтай забаронай наклад 40-старонкавай “Газеты Слонімскай” складае 7 тысяч паасобнікаў. Акрамя таго, рэдакцыя выдае яшчэ адну газэту — “Отдушина”. Наклад яе — 4 тысячы асобнікаў, а выходзіць яна на 8 старонак.

Сёлета “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі “Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы” імя Герда Буцэрыюса. Гэтая ўзнагарода прысуджана за якаснае асьвятленьне падзеяў у рэгіёне.