“Мы адмаўляемся галасаваць” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

40 грамадзянаў з розных гарадоў Беларусі падпісаліся пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, у прадстаўніцтва ААН і АБСЭ, а таксама ў Цэнтравыбаркам. У звароце яны паведамляюць, што адмаўляюцца галасаваць на выбарах у Палату прадстаўнікоў 28 верасьня.
Сёньня аўтары звароту спрабавалі прайсьці на прыём да генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Што з гэтага атрымалася?

“Калі мы пачалі прасіць, каб да нас выйшаў генэральны пракурор, дык супрацоўніца пракуратуры нам пагражала, што пакліча міліцыю і нас адвязуць у пастарунак”.

Чаго дамагаюцца скаржнікі? Натальля Камзанава просіць перагледзець справу сына, якога асудзілі за распаўсюд наркотыкаў пасьля таго, як ён паскардзіўся на міліцыянтаў за зьбіцьцё. Жанчына мяркуе, што сыну адпомсьцілі:

“Я нічога не дамаглася. У мяне супрацоўнікі міліцыі зьбілі сына-інваліда. Яго давялося класьці ў шпіталь, але зь лістападу я не магу атрымаць адказу на свае скаргі”.

У кожнага з падпісантаў звароту свая гісторыя. Пэнсіянэр Васіль Круглякоў скардзіцца на судзьдзю, якая нібыта незаконна пазбавіла яго кватэры. А вось Валянціну Байдак, паводле яе словаў, на некалькі дзесяткаў тысяч рублёў абрабавала адвакатка, да якой яна зьвярнулася па юрыдычную дапамогу.

Але найчасьцей гэтыя людзі бароняць не сябе, а блізкіх сваякоў: сыноў, дачок, жонак. Жыхар Наваполацку Ўладзімер Журба дамагаецца адмены незаконнага, як ён лічыць, прысуду жонцы-прадпрымальніцы Алене Бачурной. Мужчына мяркуе, што адносна яе была ня проста судовая памылка, а замова на расправу. Галіна Юбко просіць пакараць сапраўдных забойцаў роднай сястры. Паводле яе, сьледчы ў справе памыліўся, а цяпер улада пакрывае вінаватага сьледчага. Ёсьць у жанчыны прэтэнзіі і да генэральнага пракурора спадара Васілевіча:

“Васілевіч ставіць толькі аўтографы, а справы па сутнасьці не разглядаюцца”.

Распавяла сваю гісторыю і Людміла Самусенка. А потым падвяла рысу за ўсіх:

“Нас усіх аб’ядноўвае адна агульная бяда. Гэта тое, што не разьбіраюцца і ня хочуць нічога мяняць. Зрабілі судовую памылку і пакінулі, нам даюць толькі адпіскі”.

З будынку генэральнай пракуратуры грамадзяне прайшлі на плошчу Свабоды да гарадзкой ратушы і там распаўсюдзілі для журналістаў свой зварот пра байкот выбараў.

“Мы на сваім прыкладзе пераканаліся, што беларускія чыноўнікі трывала парушаюць закон. Таму ў нас пануе беззаконьне. Прыняцьце новых законаў у такіх абставінах будзе толькі садзейнічаць беззаконьню і пакрываць яго. Мы заклікаем усіх, хто цярпіць ад свавольства чыноўнікаў, далучыцца да нас і адкрыта заявіць пра байкот выбараў”, — сказана ў звароце.

Міліцыя не перашкаджала аўтарам звароту кантактаваць з журналістамі. За падзеямі каля ратушы назіралі супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным.

Летась некаторыя з падпісантаў звароту дасылалі ліст тагачаснаму прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, на які атрымалі адказ, што ім трэба зьвяртацца да беларускіх уладаў.