Пухавічы: першая перамога абаронцаў экалёгіі

Сёньня Пухавіцкі райсуд пацьвердзіў права грамадзкасьці атрымаць экалягічную інфармацыю, зьвязаную з будоўляй заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў прадпрыемствам ЗАТ “Август-Бел” (уласьнік — расейская фірма “Август”. Патрабаваньне заяўнікаў да Пухавіцкага райвыканкаму задаволена.

Заяўніца ад грамадзкасьці Настасься Рысівец паведаміла “Свабодзе”, што на доступ да інфармацыі адносна прадпрыемства ААТ “Август-Бел” Пухавіцкі райвыканкам увёў абмежаваньні. Сёньня ж суд прызнаў гэта памылкай. Гаворыць спадарыня Настасься:

“У нас радасны настрой, бо гэта ўжо пэўная перамога. Прадстаўнік пракуратуры папрасіў Пухавіцкі райвыканкам прадставіць у суд адпаведныя дакумэнты. У нас будзе магчымасьць паглядзець, што ж там пішуць. У судовай справе мы даказалі ўсё ж, што гэта менавіта экалягічная інфармацыя. Чыноўнікі парушылі нашы канстытуцыйныя правы”.

Суразмоўца паведаміла, што працяг суду адбудзецца заўтра.

Насельніцтва пасёлкаў Дружны і Сьвіслач, а таксама яшчэ шэрагу вёсак пратэстуе супраць будаўніцтва расейскага заводу па вытворчасьці ядахімікатаў для зьнішчэньня пустазельля і сельскагаспадарчых шкоднікаў. Аргумэнты — пагроза гарызонтам пітной вады і атмасфэры, асноўным умовам здароўя чалавека.