Лідэр эстонскіх сацыял-дэмакратаў запрасіў А. Казуліна ў госьці

На Віленскай сацыял-дэмакратычнай канфэрэнцыі кіраўнік эстонскіх сацыял-дэмакратаў, міністар фінансаў Эстоніі Івары Падар меў працяглую размову з Казуліным.
Эстонскі палітык адзначыў, што яго краіна павінна зьвяртаць на Беларусь ня меншую ўвагу чым на Ўкраіну ды Грузію: “Мы павінны больш думаць пра дэмакратычныя рухі ў Беларусі і пра тое, як мы можам ім дапамагчы. Бо размова, нагадаю ідзе пра нашага суседа, паколькі Беларусь мае агульную мяжу з Латвіяй”, заявіў Падар.
Як падае буйнейшы балтыйскі інтэрнэт-партал DELFI,
беларускі палітык і колішні палітзьняволены Аляксандар Казулін, у сваю чаргу, выказаў задавальненьне тым, што нягледзячы на рэжым Лукашэнкі, стасункі паміж беларускім і эстонскім народамі застаюцца нармальнымі і што Беларусь, нарэшце, усьведамляе, што яе вораг не ЭЗ, а Расея, якая стала агрэсарам у дачыненьні да суседзяў. Казулін таксама адзначыў, што насельніцтву Беларусі цяпер не па кішэні кошты шэнгенскіх візаў.
Паводле DELFI, Івары Падар запрасіў Казуліна ў Эстоніі, на адпачынак у свой родны хутар Вырумаа.