В.Вячорка: “Выбараў у нас няма”

Сёньня Цэнтравыбаркам адмовіў у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты першаму намесьніку старшыні Партыі БНФ Вінцуку Вячорку.
Вінцук Вячорка пракамэнтаваў рашэньне Цэнтральнай камісіі:

“Я ад самага пачатку, калі мне адмовілі ў рэгістрацыі на роўні акруговай камісіі, сказаў і цяпер паўтару, што гэта ўсё рашэньні палітычныя. І тое, што яны адкладзеныя ў часе, камусьці адмаўляюць, як Вінаградаву, на этапе стварэньня ініцыятыўных групаў, камусьці пазьней, — гэта ўсё павінна ствараць ілюзію натуральнасьці ў іншаземных назіральнікаў, што, маўляў, усё справядліва і натуральна. А насамрэч гэта прадуманая стратэгія.

Я не сумняваюся, што рэальна і вядомы, і папулярны ў сваім Зялёным Лузе. Я рэальна працую зь людзьмі, уздымаю сапраўды вострыя праблемы, якія дагэтулешнія дэпутаты баяліся ўздымаць альбо былі, зь іншага боку, у іх заангажаваныя. Сам ходзячы па раёне, я пераконваўся ў тым, што ведаюць прозьвішча і партыйную прыналежнасьць зь першага заходу. І нават ня верачы ў справядлівасьць падліку галасоў, я мог бы, скажам, дамагчыся таго, каб незалежныя сацыёлягі зрабілі адпаведнае апытаньне. Уладам гэта ня трэба. Ну і наагул, мая нерэгістрацыя, як і нерэгістрацыя вялікай колькасьці дэмакратычных прэтэндэнтаў яшчэ раз пацьвярджае, што выбараў як адлюстраваньня волевыяўленьня народу ў нас няма”.