Друкарня адмовілася рабіць улёткі на “тарашкевіцы”

Тацяна Севярынец

Паводле Тацяны Севярынец, якая балятуецца па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17, адмову друкаваць яе інфармацыйныя ўлёткі яна пачула ад начальніцы вытворчага аддзелу дзяржаўнай віцебскай друкарні.
Спадарыня Тацяна патлумачыла, што яна чытае і піша паводле традыцыі газэты “Наша Ніва”, але пагадзілася, каб ва ўлеткі ўнесьлі праўку ў адпаведнасьці з сучасным беларускім правапісам.

Праз пэўны час ёй патэлефанавалі з друкарні і выказалі прэтэнзіі ўжо да зьместу ўлёткі. Тая самая начальніца вытворчага аддзелу заявіла, што ў яе выклікаюць сумнеў выкладзеныя ва ўлётцы статыстычныя зьвесткі – у прыватнасьці што да росту колькасьці разводаў у Беларусі і што да тэндэнцыі алькагалізацыі насельніцтва.

Урэшце ў вытворчым аддзеле паведамілі пра неабходнасьць “параіцца”, перш чым зрабіць друкаваныя матэрыялы на замову апазыцыйнай кандыдаткі. Ці не запатрабуюць зьмяніць зьмест улётак карэнным чынам, Тацяне Севярынец будзе вядома толькі заўтра.