Інвалід-вазочнік дамагаецца вяртаньня льготаў галадоўкай

Магілёўскі інвалід-вазочнік Уладзімер Вусікаў сёньня зьбіраецца на плошчы Леніна насупраць будынка Магілёўскага аблвыканкаму выставіць пікет і распачаць галадоўку. Ён будзе патрабаваць, каб яго аднавілі ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жытла, а таксама далі пуцёўку на санаторна-курортнае лячэньне, альбо кампэнсавалі яе кошт.
Па дазвол на правядзеньне акцыі пратэсту на плошчы Леніна Ўладзімер Вусікаў месяц таму пісьмова зьвярнуўся ў Магілёўскі гарвыканкам і дагэтуль ня мае афіцыйнага адказу. Галадоўкай спадар Вусікаў спадзяецца дамагчыся справядлівасьці:

“У дзяржавы тэрміну даўнасьці няма. Калі я вінаваты, яна ўсё адно сваё возьме. А чаму я мушу не патрабаваць у дзяржавы таго што яна не дадала мне. Я павінен быў і пуцёўку атрымаць і сацыяльнае жыльлё. Няхай народ убачыць, што й мы можам пастаяць за сябе”.

Уладзімер Вусікаў інвалід першай групы. Ад 2002 году ён прыкуты да вазка. У 2000 годзе праз хваробу сэрца яму спачатку ампутавалі адну нагу, а праз два гады другую.

Уладзімер Вусікаў сумна жартуе, што ён вінаваты перад дзяржавай толькі за тое, што зарабіў завялікую пэнсію і застаўся бяз ног. Да сваёй інваліднасьці ён адпрацаваў электрамантажнікам дваццаць два гады.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, цьвердзіць, што сытуацыя з Уладзімерам Вусікавым высьвечвае недасканаласьць беларускага сацыяльнага заканадаўства:

“Атрымліваецца, што інвалід ня можа атрымаць сацыяльнае жытло таму, што ў яго пэнсія перавышае ўстаноўлены дзяржавай пражытачны мінімум на сто тысяч рублёў. А пуцёўку ў санаторый яму ня могуць даць, бо такіх санаторыяў для такіх людзей, як сьцьвярджаюць у сацыяльных службах, у Беларусі няма. Акрамя таго, такім людзям патрабуецца суправаджэньне, а гэта дадатковыя выдаткі, на якія дзяржава ісьці ня хоча. Дзяржава глухая да такіх праблемаў. Іх яна спрабуе вырашыць адпіскамі, але не дыялёгам з самімі інвалідамі”.

У спадара Вусікава пэнсія 370 тысяч рублёў. Яна перавышае пражытачны мінімум, устаноўлены дзяржавай, на 136 тысяч.

Уладзімер Вусікаў жыве ў двухпакаёвай кватэры з двума дарослымі сынамі, унукам і жонкай, зь якой ён чатырнаццаць гадоў у разводзе. Пад’езд дома дзе жыве спадар Вусікаў не прыстасаваны для інваліда-вазочніка. Каб дабрацца да ліфта інвалід сам змайстраваў адкідны драўляны пантус.

Да акцыі пратэсту Уладзімер Вусікаў гатовы даўно. Ён уласнаруч падрыхтаваў два плякаты з надпісамі: “Хто скраў мае льготы” й “Ганьба лукавым ільготам”.

У Магілёве каля трохсот пяцідзесяці інвалідаў-вазочнікаў. Бальшыня такіх людзей знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане праз умовы свайго пражываньня.

Каб дабрацца да ліфта інвалід сам змайстраваў адкідны драўляны пантус

Да акцыі пратэсту Уладзімер Вусікаў гатовы даўно. Адзін зь плякатаў