Ці доўга Менск будзе маўчаць?

Ці вымушаная будзе Беларусь усьлед за Расеяй прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію? Якія наступствы гэтае рашэньне будзе мець для нацыянальных інтарэсаў краіны? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Карэн Акопаў
Цыганкоў: “Ці будзе вымушаны афіцыйны Менск усьлед за Расеяй прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію? Цяпер шмат кажуць пра тое, што фактычна ў Аляксандра Лукашэнкі амаль няма выбару ў гэтым пытаньні. А як вы лічыце?”

Акопаў: “Мяркую, што Лукашэнка загнаў сябе ў кут сваімі дзеяньнямі ў замежнай палітыцы, якія ідуць у фарватэры Расеі. Шанцаў на тое, што афіцыйны Менск павядзе сабе самастойна ў дадзенай сытуацыі -- вельмі мала. І хутчэй за ўсё, Паўднёвая Асэтыя і Абхазія будуць прызнаныя Беларусьсю ўсьлед за Расеяй”.

Цыганкоў: “Калі пачаўся грузіна-асэтынскі канфлікт, афіцыйны Менск маўчаў даволі доўга, і нават прагучаў «вокрык» амбасадара Расеі Сурыкава. Цяпер мы бачым тое самае – Менск пакуль маўчыць. Ці ўдасца доўга вытрымліваць паўзу?”

Акопаў: “Гэтая паўза паказвае толькі тое, што Лукашэнка хоча вытаргаваць адпаведныя кошты на энэрганосьбіты, каб Расея паставілася тут больш лагодна. Увогуле ж прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі для Лукашэнкі ня выкліча ніякіх складанасьцяў, бо ён ужо сустракаўся з кіраўнікамі гэтых рэспублік. Ніякіх фармальных перашкодаў няма. Гэта нават будзе дастаткова пасьлядоўна для Лукашэнкі, калі ён зноў пойдзе ў фарватэры расейскай палітыкі”.

Цыганкоў: “Калі гэтае прызнаньне ўсё ж адбудзецца -- якія наступствы яно будзе мець для нацыянальных інтарэсаў краіны? Як паўплывае на дачыненьні з Расеяй і Захадам?”

Акопаў: “Натуральна, што наступствы будуць самыя нэгатыўныя, гэта не ў нацыянальных інтарэсах краіны. Дзеяньні Расеі супярэчаць рэзалюцыям ААН, Хэльсынскім пагадненьням. Калі падтрымліваць такія дзеяньні, якая б там краіна не была, -- гэта значыць падтрымліваць разбурэньне міжнароднага парадку. Адпаведна да гэтага Захад будзе і ставіцца. Як можна яшчэ ставіцца да таго, што нейкая краіна парушае міжнароднае права?”