"Расеі беларускі народ не патрэбны, а патрэбная нашая тэрыторыя”

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 21 жніўня, чацьвер.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску - 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Міжнародная і беларуская дэмакратычная супольнасьць вітае вызваленьне палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма. Вось як гэтыя падзеі камэнтуе наш слухач:

Спадар Яцкевіч, Віцебск: “Вельмі добрую вы тэму закранулі: чаму выпусьцілі Казуліна, чаму выпусьцілі астатніх. І ўсе думаюць, што ён гатовы з Захадам цалавацца. Гэтага ня будзе, а калі будзе, то будзе праз Расею. І калі Пуцін парушынку ў чыім воку разглядаў, то Мядзьведзеў мае свой твар, і даволі выразны. І ня думайце, што там Захад шмат зрабіў”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

“На маю думку, гэтыя вызваленьні былі крокам у адказ на шматлікія патрабаваньні Захаду. Гэта безумоўна. Але мэта нармалізацыі стасункаў з Захадам палягае ў эканамічным рэчышчы. Ніякай значнай зьмены беларускага рэжыму, ніякай дэмакратызацыі гэта за сабой не пацягне”.

Далей выказваньні на тэму міжнароднай палітыкі:

Анатоль Жэрдзеў, Гомель: “Перад тым, як казаць пра тое, што адбылося ў Грузіі, я хачу нагадаць слухачам “Свабоды” крыху гісторыі. У 20 стагодзьдзі расейская імпэрыя пад назовам СССР тры разы нападала на маленькую Фінляндыю. За гэтыя тры напады было забіта савецкіх салдатаў каля паўмільёна, а колькі скалечана, такіх дадзеных я ня ведаю. Я бачу, гэтая палітыка працягваецца”.

Спадар Пяскоўскі, Гомель: “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, зьвяртаюся да прэзыдэнтаў Расейскай Фэдэрацыі - спадара Мядзьведзева і незалежнай дзяржавы Беларусь - Лукашэнкі. Перастаньце мусоліць пытаньне пра стварэньне адзінай валюты Беларусі і Расеі, а таксама мыльнай бурбалкі пад назвай “Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі”. Расеі беларускі народ не патрэбны, а патрэбная наша тэрыторыя як буфэрная зона, якая падзяляе Расею і НАТО”.

Спадар: “У Сочы былі сустрэчы Лукашэнкі і Мядзьведзева. Казалі пра дамову, пра сумесную супрацьпаветраную абарону. Расейцам цяпер добра, нават баязьлівец не даляціць да Смаленску, а зваліцца недзе, не даляцеўшы да Менску. А калі, ня дай Бог, ваенная “заварушка”, тады па беларусах будуць ракетныя гарматы. Пра танкі, якія Лукашэнка ня пусьціць, мы ня ведаем. Толькі адно ўстае пытаньне: чаму цана на газ у Менску ня роўная са смаленскай?”

Выказваньне камэнтуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Расейскі амбасадар Сурыкаў вельмі выразна абмаляваў альтэрнатыву. Ён сказаў прыкладна гэтак: хочаце газ, як у Смаленску - калі ласка, уваходзьце ў склад Расеі. Так што гэтая пэрспэктыва вельмі небясьпечная. І зараз беларускае кіраўніцтва на раздарожжы: з аднаго боку, ёсьць спакуса супольна з Расеяй згуляць у гэтыя вайсковыя гульні супраць Захаду і атрымаць нейкія зьніжкі на газ. А зь іншага боку - гэта той выпадак, калі кось, кось - ды за грыву”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Я наконт Алімпіяды. Мы паслалі туды вялізную дэлегацыю, проста турыстаў. Усё гэта ад таго, што набор кадраў у Лукашэнкі пад сябе. Гэта самае страшнае. Такое робіцца ў многіх эканамічных падразьдзяленьнях. Ён не падбірае людзей, якія б кіравалі спортам і разумелі нешта ў ім, што трэба. А толькі пад сябе падбірае. Нашы аддзелы кадраў не шукаюць асобаў, каб іх далей прасоўваць. Яны глядзяць, каб у анкеце было ўсё нармальна. Каб дагадзіць Аляксандру Рыгоравічу, каб, ня дай Бог, не было нешта ня так”.