“Хіба можна пракарміць сям'ю за 300 тысяч?!”

  • Ягор Маёрчык
Агляд тэлефанаваньняў за 15 жніўня, пятніцу.

Слухачы працягваюць выказваць сваё стаўленьне да ваеннага канфлікту ў Паўднёвай Асэтыі.

СМС-паведмленьне ад Вацлава з Гомеля: “Нафтадаляры ўскружылі галаву расейскай ваеншчыне. Бандыцкай выхадкай Расея паказала сябе ў 21-м стагодзьдзі дзяржавай, якая не адбылася цывілізавана”.

Ільля Копыл, Менск: “Я лічу, што Лукашэнка зрабіў слушна, калі ня выказаўся ў падтрымку расейскай агрэсіі супраць Грузіі. Было б ня кепска і вельмі мудра, калі б ён аддаў загад на абсталяваньне ўсходняй мяжы, мяжы з Расеяй. Інакш мы дачакаемся таго, што расейскія танкі безь перашкодаў увойдуць у Менск і пераб'юць нас, як куранят, не разьбіраючыся, хто тут рускамоўны, а хто тутэйшы. А потым усяму сьвету абвесьцяць, што гэта Беларусь напала на Смаленск, каб вярнуць яго ў свой склад”.

Слухачы камэнтуюць ход кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў. Нагадаю, што выбары прызначаныя на 28 верасьня.

Спадар Андрэй, Быхаў: “Гатовы пабіцца аб любы заклад на мільён даляраў, што пакуль ва ўладзе Лукашэнка, дэмакратычных выбараў у Беларусі ня будзе ніколі”.

Нашая сталая слухачка распавядае пра свой дабрабыт:

Спадарыня: “Я больш за ўсё зьвяртаюся да нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Прачніся, адумайся! Што вы робіце?! Цэны вы паднялі, пэнсію вы крыху павялічылі. Чаму ж заробак на тым самым узроўні — 300 тысяч?! Хіба можна пракарміць сям'ю за 300 тысяч?! Куды ж вы цягнеце народ?! Кажуць, гэта ўказ нашага прэзыдэнта. Гэта ж нізасьць! Вы хочаце нараджальнасьці. Але ж як можна пражыць?! У нас у Наваградку цэны высокія, заробкі нізкія. У Гародні, Менску вы паднялі заробкі: там мільён — сярэдняе, 800 тысяч. А ў нас у Наваградку 200—300 тысяч. Як можна сям'ю пратрымаць?! Я атрымліваю алімэнты на траіх дзяцей — 150 тысяч. Хіба на гэта можна пражыць?! Гэта немагчыма! Вы хочаце нараджальнасьці. Дык тут хутка тыя дзеці, што ёсьць, будуць ад голаду пухнуць...”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.