Парлямэнт Грузіі дэнансаваў пагадненьні пра СНД

“За” прагаласавала 117 дэпутатаў — аднагалосна. Дэпутаты скасавалі рашэньне пра стварэньне Садружнасьці, Статут СНД, а таксама Дамову пра эканамічныя сувязі

“Сёньняшняе рашэньне азначае, што Грузія болей не зьяўляецца сябрам СНД і ніякіх адносінаў з гэтай арганізацыяй у нас болей няма”, — заявіў старшыня парлямэнцкага камітэту па юрыдычных пытаньнях Паўле Кублашвілі.

Сваёй пастановай дэпутаты скасавалі рашэньне ад 8 сьнежня 1991 году пра стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаваў, Статут СНД, прыняты 22 студзеня 1993 году, а таксама Дамову пра эканамічныя сувязі ад 24 верасьня 1993 году, паведамляе Інтэрфакс.