Л.Ананіч: “Інтэрнэт чакае асобны закон”

Сёньня прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, МЗС і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых дасьледаваньняў павіншавалі журналістаў з новым законам аб СМІ.
Яны расказалі, як будзе прымяняцца гэты закон на практыцы.

Першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч паведаміла, што ўсе журналісты, якія працуюць у дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, у хуткім часе атрымаюць аднолькавыя пасьведчаньні. На пытаньне журналістаў, ці захаваецца практыка, калі на вулічных акцыях журналістаў зь дзяржаўных СМІ прапускаюць і даюць ім інфармацыю, а іншых не прапускаюць і інфармацыі ім не даюць, чыноўніца запэўніла, што ўсе будуць мець роўны статус.

Лілія Ананіч неаднаразова нагадвала, што ў новым законе пра СМІ не напісана, што ў Беларусі трэба рэгістраваць інтэрнэт-выданьні. Разам з тым яна паведаміла, што наконт інтэрнэту будуць распрацоўвацца нормы закону.

На пытаньне “Свабоды” пра сытуацыю зь ліквідацыяй рэгіянальных недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў Лілія Ананіч адказала наступнае:

“Дзьве траціны ад агульнай колькасьці сродкаў масавай інфармацыі — гэта многа ці мала? Я думаю, што вы ведзяце размову пра сэгмэнт грамадзка-палітычнай прэсы. Думаю, што ў беларускай прэсы цалкам ёсьць вялікія пэрспэктывы разьвіцьця ўва ўсіх яе сэгмэнтах”.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец гэтак пракамэнтаваў заяву спадарыні Ананіч:

“Супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі спасылаюцца на 1995 год. На той момант, сапраўды, было зарэгістравана ў Беларусі каля 700 сродкаў масавай інфармацыі. Цяпер іх больш за 1200. Што ж тычыцца грамадзка-палітычных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку рэгіянальных, то іх колькасьць зьменшылася за гэты час удвая. Паводле падлікаў БАЖ, яна не дасягае і 30.

Ну, магчыма, гэта й ёсьць сьведчаньне дынамічнага разьвіцьця інфармацыйнай прасторы ў Беларусі і далейшых яе пэрспэктываў”.

Лілія Ананіч папярэдзіла, што цяпер рэдакцыі павінны цягам году захоўваць матэрыялы, якія былі надрукаваныя або выйшлі ў эфір.

Тым часам кіраўніца аддзелу прэсавай службы МЗС Марыя Ваньшына запэўніла, што дзейнасьць замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі абмяжоўвацца ня будзе. Разам з тым прадстаўніца МЗС папярэдзіла, што працаваць без акрэдытацыі МЗС на тэрыторыі Беларусі замежным СМІ катэгарычна забаронена. Паводле спадарыні Ваньшынай, пакараньнем для парушальнікаў будзе пісьмовае папярэджаньне.