Качыньскі: дзеяньні Расеі – акт агрэсіі

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі заклікаў даць "адназначную ацэнку" дзеяньням расейскіх войскаў у Паўдзённай Асэтыі.
Ён паведаміў, што разам з прэзыдэнтамі Літвы, Латвіі і Эстоніі ў адмысловай заяве заклікаў ЭЗ і НАТО “супрацьстаяць пашырэньню імпэрыялістычнай і рэвізіянісцкай палітыкі на ўсходзе Эўропы”.

“Дзеяньні расейскіх войскаў на тэрыторыі Паўдзённай Асэтыі супярэчаць міжнародным нормам і на самай справе зьяўляюцца актам агрэсіі”, сказаў Л.Качыньскі.

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў, што пазачарговы саміт Эўразьвязу ў справе сытуацыі ў Грузіі адбудзецца на пачатку наступнага тыдня ў Парыжы.

Тым часам у суботу каля дыпляматычных прадстаўніцтваў Расеі ў Варшаве і Гданьску адбыліся акцыі пратэсту з патрабаваньнем вывесьці расейскія войскі з Паўдзённай Асэтыі.