Баі ў Цхінвалі ўзнавіліся

Паводле апошніх паведамленьняў, баі ў Цхінвалі між грузінскімі войскамі і расейскімі міратворчымі часткамі працягваюцца.
Жорсткі бой ідзе на паўднёвай ускраіне Цхінвалі. Пра гэта паведаміў "Інтэрфакс" са спасылкай на камандваньне расейскіх міратворчых сіл. Баі ў Цхінвалі ўзнавіліся пасьля зацішша, якое працягвалася некалькі гадзін.

Паўночная Асэтыя абвясьціла пра гатоўнасьць разьмясьціць каля трох тысяч уцекачоў з Паўднёвай Асэтыі. Яшчэ каля тысячы ўцекачоў гатовыя прыняць іншыя рэгіёны на поўдні Расеі.

Зь сёньняшняга дня Расея спыняе паветраныя зносіны з Грузіяй. Пра гэта паведамілі агенцтву ИТАР-ТАСС у расейскім міністэрстве транспарту.

Тым часам прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў, што Паўднёвая Асэтыя знаходзіцца пад кантролем грузінскіх войскаў, паведамляе «Газета.Ru».

Паводле Саакашвілі, Цхінвалі “цалкам ачышчаны ад асэтынскіх сэпаратыстаў і бандфармаваньняў”, хаця моцна пацярпеў ад авіяцыйных удараў расейскіх паветраных сілаў. Страты грузінскага боку складаюць 30 чалавек, сказаў Саакашвілі.

Расейскія вайскоўцы паведамілі пра 10 забітых і 30 параненых байцоў міратворчых сіл. Лідэр непрызнанай рэспублікі Эдуард Какойты заявіў, што загінулі 1 400 жыхароў Паўднёвай Асэтыі.

Грузінскія войскі і паўдзённаасэтынскія фармаваньні на працягу дня вялі баі за Цхінвалі. Тым часам расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў абвінаваціў Грузію ў правядзеньні этнічных чыстак у паўдзённаасэтынскіх вёсках.

Паводле міністра замежных справаў Грузіі Экі Ткешэлашвілі, Грузія заклікала сусьветных лідэраў учыніць ціск на Маскву, каб спыніць, як яна зазначыла, “адкрытую ваенную агрэсію” супраць Грузіі.