РНЕ дастала сьледчых праз два гады

Незалежную журналістку Алену Сьцяпанаву выклікалі на размову ў КДБ Віцебску. Сьледчых цікавіла інфармацыя наконт лістоў з пагрозамі мясцовым прадстаўнікам дэмакратычнага руху ад незарэгістраванай арганізацыі РНЕ (Расейскае нацыянальнае адзінства).
Алена Сьцяпанава паведаміла “Свабодзе”:

“У той час, у 2006 годзе, калі людзі скардзіліся, што атрымліваюць лісты з пагрозамі, ні міліцыя, ні пракуратура ніякім чынам не схамянуліся, і крымінальных спраў не завялі, і вінаватых шукаць ня сталі. Чамусьці крымінальная справа за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці была заведзеная КДБ толькі цяпер, у 2008 годзе – праз два гады.

Мне вядома, што сьледзтва ідзе ўжо цягам трох месяцаў — ад 20 траўня. Сьледчы даў зразумець, што справа можа быць завершана судом”.

Сьледчыя КДБ таксама запрасілі да сябе на размову журналіста Вадзіма Баршчэўскага.