Ці паўторыцца сытуацыя зь Вікай Мароз?

Група беларускіх дзяцей, якія былі на аздараўленьні ў сем’ях у ЗША і мелі прыляцець у Менск 5 жніўня, пакуль не вярнулася на радзіму. Сёньня павінны вылецець 24 зь іх, яшчэ адна дзяўчына застаецца ў амэрыканскай сям’і.
Прозьвішча дзяўчыны, якая не вярнулася ў Беларусь з ЗША, не называюць. Беларускія ўлады дамагаюцца яе вяртаньня.

Вылет групы беларускіх дзяцей затрымаўся на двое сутак, пакуль доўжыліся перамовы зь сям’ёй, у якой жыла падчас адпачынку 17-гадовая школьніца з Барысава. Дзяўчына дагэтуль знаходзіцца ў горадзе Петалума паблізу Сан-Францыска.

У МЗС Беларусі адразу пасьля інцыдэнту быў выкліканы выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Мур, а ў ЗША часовы павераны ў справах Беларусі Алег Краўчанка запатрабаваў ад амэрыканскіх уладаў неадкладнага вяртаньня на радзіму непаўналетняй грамадзянкі Беларусі.

Да перамоўнага працэсу далучыліся прадстаўнікі офісу губэрнатара Арнольда Шварцэнэгера. Гаворыць Марыя Ваньшына, супрацоўніца МЗС Беларусі:

“Працягваецца цеснае ўзаемадзеяньне амэрыканскага і беларускага бакоў дзеля вырашэньня пытаньня вяртаньня на радзіму непаўналетняй грамадзянкі Беларусі. У дадзены момант да працы далучыўся офіс губэрнатара штату Каліфорнія з прадстаўнікамі мясцовых уладаў гораду Петалума”.

У Міністэрстве адукацыі запэўнілі, што сытуацыя, якая мела месца зь Вікай Мароз у 2006 годзе, гэтым разам не паўторыцца. Гаворыць кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю ў Міністэрстве адукацыі Віктар Іўчанкаў:

“Ня трэба скандалу рабіць. Трэба вырашыць гэтае пытаньне, і ўсё на гэтым. Там усё вырашаецца вельмі прыстойна і тактоўна. Ня трэба траўмаваць дзіця і бабулю. Там усё нармальна. Усё будзе вырашана на карысьць дзяўчынкі і нашай дзяржавы ў самы бліжэйшы час — можа, сёньня ці заўтра”.

Ні амэрыканскі, ні беларускі бакі не называюць прозьвішча дзяўчынкі. Вядома толькі, што яна жыве з бабуляй, якая выступае яе апякункаю.

Бабуля-апякунка настойвае, каб непаўналетнюю дзяўчынку вярнулі ў Беларусь, паведаміла кіраўніца аддзелу адукацыі Барысаўскага гарвыканкаму Галіна Казак. Чыноўніца зазначыла, што ў дзяўчынкі “нармальныя сямейна-побытавыя ўмовы”, а таксама “ў дзяўчынкі былі нармальныя стасункі ў клясе, узаемапаразуменьне з пэдагогамі. Навучалася яна адпаведна сваім здольнасьцям”.

“Непаўналетні грамадзянін Беларусі ня можа прыняць рашэньне пра тое, каб застацца ў іншай краіне”, — паведамілі Інтэрфаксу ў органах грамадзянства і міграцыі. — “На гэта да дасягненьня паўналецьця павінна быць згода альбо ягоных бацькоў, альбо асобаў, якія ажыцьцяўляюць апякунскія функцыі”.

Штогод здараюцца выпадкі, калі замежныя сем’і, ў якіх аздараўляліся беларускія дзеці з інтэрнатаў і дзіцячых дамоў, ня хочуць вяртаць сваіх малых гасьцей, баючыся, што на радзіме зь імі будуць кепска абыходзіцца.