Валэнса гатовы ўзяць удзел у “круглым стале” ў Менску

Колішні прэзыдэнт Польшчы і заснавальнік руху “Салідарнасьць” Лех Валэнса заявіў у інтэрвію Гданьскаму радыё, што “быў бы гатовы стаць пасярэднікам у канфлікце паміж дэмакратычнай апазыцыяй і беларускімі ўладамі ў часе круглага стала ў Менску”.

Напярэдадні газета “Dziennik’ і шэраг іншых польскіх СМІ перадалі, што стаць пасярэднікам у падобных перамовах Валэнсу запрасілі лідэры беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка і Станіслаў Шушкевіч. Выданьні працытавалі словы Аляксандра Мілінкевіча адносна таго, што “такія перамовы — адзіная рэальная магчымасьць выйсьця з крызісу”.

Як вынікае з інтэрвію Леха Валэнсы Гданьскаму радыё, “такое пасярэдніцтва будзе гонарам для яго”. Нобэлеўскі ляўрэат выказаў меркаваньне, што ён “можа дапамагчы дасягнуць паразуменьня, бо мае добрыя дачыненьні з абодвума бакамі”.

“Я ведаю Лукашэнку даўно і буду пераконваць яго ў часе “круглага стала” правесьці разам са мной і апазыцыяй перамовы аб дэмакратызацыі”, — цытуе словы Валэнсы інтэрнэт-сайт polskaweb.eu.

Учора намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка зьняпраўдзіў паведамленьне польскіх мэдыяў пра заклік апазыцыі да Леха Валэнсы.