Іранцы не атрымаюць С-300 празь Беларусь

Прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША абверглі заяву ізраільскіх вайскоўцаў адносна паставак у Іран празь Беларусь расейскіх комплексаў С-300.

Пра гэта перадае агенцтва Reuters.

Напярэдадні гэтую інфармацыю распаўсюдзілі выданьне Jerusalem Post, а таксама брытанскі вайсковы часопіс Janes Air-Launched Weapons.

Паведамлялася, што расейскія сыстэмы С-300 здольныя перашкодзіць нанясеньню авіяўдару па іранскіх ядзерных аб’ектах і што “адпаведная ўгода паміж Тэгеранам і Масквой была ажыцьцёўленая пры пасярэдніцтве Менску”. Заходнія журналісты назвалі Беларусь “самым праўдападобным шляхам” у пастаўках, “нават калі Расея адмаўляе факт угоды”.

Як заявіў у размове з "Reuters" прэсавы сакратар Пэнтагону Джэф Морэл, “ЗША, зыходзячы з уласнага разуменьня сытуацыі, цьвёрда вераць у тое, што іранцы не атрымаюць расейскіх сыстэм сёлета”.

Адказны чыноўнік Міністэрства абароны ЗША, аднак, адмовіўся патлумачыць, на чым грунтуецца такое перакананьне Пэнтагону.