Адзін з затрыманых у справе аб выбуху – на волі

На свабоду выйшаў актывіст руху “Эўрапейская Беларусь” Павал Кур'яновіч, якога супрацоўнікі КДБ затрымалі 10 ліпеня з падазрэньня ў дачыненьні да выбуху ў Менску падчас сьвяточнага канцэрту на афіцыйны Дзень незалежнасьці.
У інтэрвію “Свабодзе” пасьля вызваленьня Павал Кур’яновіч расказаў, што ні з кім з затрыманых па справе аб выбуху ня бачыўся: адзін сядзеў у камэры ў сьледчым ізалятары КДБ.

Паводле Кур’яновіча, за ўвесь час затрыманьня яго толькі раз выклікалі на допыт: падчас допыту пыталіся, што рабіў дэмакратычны актывіст уначы з 3-га на 4-га ліпеня. Кур’яновіч паведаміў, што ў яго было “жалезнае алібі”, якое пацьвердзілася пры праверцы супрацоўнікамі КДБ.

На думку Паўла Кур’яновіча, цяперашні перасьлед і затрыманьні дэмакратычных актывістаў зьвязаныя з выбарчай кампаніяй.