У Пухавіцкім раёне 34 "ненадзейныя" асобы

Усе яны маюць альбо мелі раней дачыненьне да дэмакратычных сілаў.
У суботу, 12 ліпеня, у аддзяленьне міліцыі Пухавіцкага раёну, што знаходзіцца ў пасёлку Дружны, выклікалі Тацяну і Анастасію Рысевец – маці і дачку. Яны, як высьветлілася, трапілі ў сьпіс 34-х чалавек, у адносінах да якіх міліцыя Пухавіцкага раёну пачынае праводзіць сьледчыя дзеяньні. Мэта сьледзтва – высьветліць магчымую прычыннасьць гэтых людзей да выбуху ў Менску.

Жанчынам прапанавалі зрабіць адбіткі пальцаў і здаць сьліну на аналіз. Маці і дачка адмовіліся гэта зрабіць бяз санкцыі пракурора.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў здолелі атрымаць копію сьпіску 34-х. Цікава, што ўсё людзі з гэтага сьпісу вылучаюцца сваёй грамадзянскай пазыцыяй. Гэта і актывісты руху супраць пабудовы ў Дружным заводу ядахімікатаў, і сябры апазыцыйных палітычных партыяў, прыкладам, сацыял-дэмакраты Ўсьціменка і Салдаценка. У сьпісе ёсьць і некалькі чалавек, якія ўжо даволі даўно адышлі ад палітыкі, прыкладам, Алена Галубовіч. Але правяраць іх будуць усіх.