Гандаль узнагародамі савецкіх часоў забароняць?

Адпаведны законапраект рыхтуе Міністэрства юстыцыі.
Калекцыянэры лічаць, што падобныя меры прывядуць толькі да росту коштаў на ўзнагароды. Як ставяцца да гандлю ўзнагародамі ў Беларусі і што яго чакае?

Набыць узнагароды альбо іх прадаць ня так складана. Можна знайсьці зацікаўленых калекцыянэраў у менскім Палацы культуры чыгуначнікаў альбо на інтэрнэт-сайтах. Іншы раз такую аб’яву сустрэнеш на вуліцы на якім-небудзь слупе. Тэлефаную па адным з нумароў, які знайшоў у інтэрнэце. Яго ўладальнік даў аб’яву, што прадае ордэн Мацярынскай славы 1-й ступені 1956 году.

“Я ўжо даўно прадаў. У раёне 110 даляраў. Яго давалі за дзевяць дзяцей. І па чарзе спачатку ішлі мэдалі мацярынства – 5-6 дзяцей, а потым ордэны 1-й, 2-й і 3-й ступені. Гэта 7-8-9 дзяцей. Ну і 10 – гэта ордэн “Маці-гераіня”.

Па іншым тэлефоне я прапаную набыць мэдаль “За адвагу” і даведваюся пра цану:

“Ад 15 да 20 даляраў у залежнасьці ад узору, без дакумэнтаў. Я праз хвілін дваццаць буду на “Інстытуце культуры”, дом быту”.

Калекцыянэр Дзіма тлумачыць, чаму людзі прадаюць узнагароды:

“Па-першае, камусьці патрэбныя грошы. У некага нейкая сытуацыя вельмі складаная. А ў людзей у нашых бедных, апроч пэнсіі 200 тысяч, якую могуць даць у 65 гадоў, наша дзяржава нічога ня можа даць. А ў іх ёсьць адзіная каштоўная рэч. Прадаюць. Была сытуацыя, калі людзі на помнік зьбіралі. Муж памёр. У мужа ўзнагароды засталіся. Трэба на помнік. І я купляў па максымальным кошце”.

Праект закону прадугледжвае адказнасьць за незаконны продаж ці набыцьцё дзяржаўных узнагародаў. Паводле Міністэрства юстыцыі, апошнім часам пашырыўся продаж дзяржаўных узнагародаў, асабліва былога СССР і іншых дзяржаў на рынках і ў іншых месцах, у тым ліку і праз інтэрнэт. Чыноўнікі цьвердзяць: значная частка іх належала памерлым, а таксама здабытая праз незаконнае рабаваньне магілаў і пахаваньняў. Паводле Мін’юсту, гандаль ордэнамі і мэдалямі СССР, атрыманымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, зьневажае памяць ахвяраў, іх родных, дэвальвуе подзьвіг народа ў гады вайны.

Калекцыянэр Дзіма пагаджаецца з забаронай на гандаль беларускімі ўзнагародамі, а што тычыцца савецкіх, то “СССР ужо страчана”. І наагул, кажа ён, прыватныя калекцыі – гэта прыватная справа грамадзяніна. Аднак ён пагаджаецца, што трэба насамрэч караць тых, хто крадзе ўзнагароды і потым іх прадае.

Да чаго ж прывядуць заканадаўчыя забароны? Калекцыянэр Дзіма сказаў, што цягам апошніх гадоў дзесяці ўжо шмат што прададзена:
У Расеі ж увялі такі закон. І што? Нічога не памянялася. Толькі што цана вырасла.


“Яшчэ больш павялічыцца на гэта попыт. Вырастуць цэны. І яшчэ больш павялічыць тыя ж крадзяжы, павялічыць зварот. Чаму такі вялікі ажыятаж узьнік – бо ўжо нічога няма. У 1990-я гады можна было многае купіць. І таго ж Аляксандра Неўскага, такі дарагі ордэн. А зараз ён ужо каштуе іншых грошай. У Расеі ж увялі такі закон. І што? Нічога не памянялася. Толькі што цана вырасла. Проста будуць больш людзей саджаць і проста будуць забіраць калекцыі, якія чалавек зьбіраў 10-20 гадоў. У нашай краіне ўсё робяць не для народа”.

Паводле Міністэрства юстыцыі, зьмены ў законы ўводзяць забарону на збыт ці набыцьцё ўзнагародаў. У зьвязку з гэтым мяняецца адміністрацыйны і крымінальны кодэксы. Іншых падрабязнасьцяў у міністэрстве пакуль не падаюць. Прэс-сакратар Людміла Мазан сказала:

“Дакумэнт яшчэ ў праекце. Таму камэнтаваць яго пакуль ня варта. Тым больш ён такі тонкі, закранае катэгорыю асобаў, якія нам усім дарагія”.

У Беларускім вэтэранскім аб’яднаньні вітаюць забарону на продаж узнагародаў. Яго прадстаўнік Міхаіл Жукоўскі сказаў:

“На мой погляд, гэта, відаць, будзе адміністрацыйная адказнасьць. Але я не гатовы сказаць. Бо апошні варыянт прапановаў Мін’юсту я ня бачыў”.

А чаму б музэю Вялікай Айчыннай вайны ня выкупіць узнагароды ў калекцыянэраў і тым самым зьняць пытаньне? Калекцыянэры кажуць, што музэй проста ня мае грошай. А значная частка яго экспазыцыі – копіі. Галоўны захавальнік фондаў Галіна Скарынка сказала, што прынцыпова музэй не купляе ўзнагароды:

“Мы толькі зьбіраем. Нам перадаюць людзі ўзнагароды, і мы іх бярэм на захаваньне. Чалавек можа прывесьці сваіх блізкіх, паказаць, дзе гэта захоўваецца. І мы бярэм, нягледзячы на тое, што такія мэдалі як “20 гадоў Перамогі”, 30, 60,70, – уяўляеце, які ў іх наклад быў? Мы ўсё роўна бярэм. Мы проста ня можам ад іх адмовіцца”.

Спадарыня Скарынка сказала, што музэй не выдае нікому адрасы вэтэранаў. Гэта зьвязана з крадзяжамі і махлярствам. Вэтэран пісьменьнік і публіцыст Валянцін Тарас таксама мае ўзнагароды. Ён ня бачыць нічога кепскага ў забароне продажу ўзнагародаў, хаця гэта можа закрануць інтарэсы калекцыянэраў:
Тое, што тычыцца ўзнагародаў, заслужаных людзьмі, – непрыгожа іх прадаваць.


“Але тут яшчэ такі момант можна ўбачыць рэстаўрацыйны: асьвяціць усё, што зьвязана з Савецкім Саюзам і савецкімі часамі. Відаць, і гэта ёсьць. Але мне рашуча паставіць нейкую кропку складана. Тое, што тычыцца ўзнагародаў, заслужаных людзьмі, – непрыгожа іх прадаваць. Тут ёсьць пэўны момант амаральнасьці нейкай. Я ня думаю, што гэта добра, калі дзеці ці ўнукі прадаюць, можа, для наркаты ці для бутэлькі, ці проста так вось, для кішэнных грошай. Так што тут некалькі аспэктаў”.