Міхаіла Шавэльзона затрымалі

  • Ягор Маёрчык
КДБ Беларусі арыштаваў намесьніка старшыні Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіла Шавэльзона.

Пра гэта паведамляе літоўскі партал delfi.lt са спасылкай на газэту Lietuvos rytas.

М.Шавэльзона арыштавалі 3 чэрвеня разам з партнэрам па бізнэсу, грамадзянінам Літвы Гінтасам Зегерысам. Г.Зегерыса падазраюць у пасярэдніцтве пры дачы хабару.

Lietuvos rytas паведамляе, што пакуль афіцыйнае абвінавачваньне затрыманым яшчэ ня выстаўлена.

Выданьне цытуе словы амбасадара Літвы ў Беларусі Эдмінаса Багдонаса пра тое, што Г.Зегерыс не зьвяртаўся ў амбасаду па дапамогу.

Амбасада Літвы зьбірае інфармацыю пра затрыманага Гінтаса Зегерыса, паведаміла БелаПАН прэс-аташэ літоўскай дыпмісіі Крыстына Паканітэ.

Яна заявіла, што афіцыйныя зьвесткі пра затрыманьні, якія ў амбасаду павінен накіраваць МЗС Беларусі, пакуль не паступалі. “Але, паводле неафіцыйнай інфармацыі, Гінтас Зегерыс затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары КДБ ў Мінску”, — сказала спадарыня Паканітэ.