Каралю дадуць прэмію Міжнароднага цэнтру журналістаў

Галоўны рэдактар незалежнага выданьня "Новы час" Аляксей Кароль перамог у міжнародным конкурсе журналістаў імя Найта.
"Апошнія 15 гадоў Аляксей Кароль падаваў суайчыньнікам незалежную інфармацыю, нягледзячы на фізычныя нападкі і моцны ціск з боку дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленьні ICFJ. — Першая яго газэта "Згода" была закрытая рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі ў 2006 годзе. У 2007 годзе ён пачаў выдаваць штотыднёвую газэту "Новы час", якой таксама даводзіцца нялёгка".

А.Кароль "сымбалізуе апошнюю надзею на свабоду прэсы ў Беларусі", цытуе словы старшыні ICFJ Джойса Барнатана БелаПАН.

Узнагароду Аляксею Каралю ўручаць 12 лістапада ў Вашынгтоне (ЗША). Разам зь ім прэмію Міжнароднага цэнтру журналістаў атрымае журналіст з Уганды Фрэнк Ньякаіру.

Міжнародны конкурс журналістаў імя Найта прайшоў у 2008-м годзе дзясяты раз. У заяве ICFJ гаворыцца, што пераможцамі становяцца журналісты, якія "выказалі выключную вернасьць прафэсіі і, нягледзячы на вялікія выпрабаваньні, захавалі высокія стандарты журналістыкі".