Пасольства ЗША зьдзіўленае ўвагай да Праграмы малых грантаў

Амэрыканскае пасольства ў Беларусі распаўсюдзіла афіцыйную заяву наконт Праграмы малых грантаў, якой 29 траўня быў прысьвечаны сюжэт на Першым нацыянальным тэлеканале.

У заяве гаворыцца: "Праграма малых грантаў амбасады ЗША у Беларусі існуе ўжо шмат гадоў. Яе сутнасьць дэталёва апісваецца на вэбсайце амбасады, як на ангельскай, гэтак і на беларускай мовах.

Як адзначаецца на гэтых старонках, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, вяршэнства закона і правы чалавека — гэта прыярытэтныя напрамкі дзейнасьці Праграмы малых грантаў. Праграма зацікаўленая ў праектах, датычных пабудовы дэмакратычных інстытутаў, падтрымкі грамадзянскай адукацыі, роўнасьці жанчын, рэформ заканадаўства і рынкавай эканомікі з мэтай садзейнічаньня інтэграцыі Беларусі ў трансатлянтычны саюз дэмакратычных краін.

Улічваючы, што гэтая праграма існуе ўжо даўно і добра вядомая, выклікае зьдзіўленьне той факт, што яна стала аб’ектам гэткай пільнай увагі менавіта ў дадзены момант. Аднак, паводле Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах, амбасада ЗША гатова атрымаць афіцыйны запыт аб працы Праграмы малых грантаў ад Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь".