“Трэба, каб за няяўку на выбары давалі пажыцьцёвае зьняволеньне”

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 28 траўня, сераду.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

“Субач, Вінаградаў, Дашук — нашы Кастусі Каліноўскія. Беларусы! Змагайцеся за свае правы, за справядлівасьць, за свабоду” — СМС такога зьместу мы атрымалі ад Аляксандра з Ушачаў. Гэта рэакцыя слухача на прысуд у крымінальнай справе, якую назвалі “справаю 14-ці”. Юнакоў зьвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня і пакаралі абмежаваньнем волі без накіраваньня ў спэцкамэндатуру. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадарыня: “Мне сорамна, што я жыву ў краіне, дзе судзяць маладых людзей, якімі трэба ганарыцца. Ганьба такой уладзе! Трымайцеся, хлопцы! Жыве Беларусь!”

Спадар Рыбакоў: “Я пачуў пра прысуд маладым людзям і хачу выказаць сваё меркаваньне. Вось начапі на плячо муляж аўтамата АК-74 і прайдзі па Менску. Ніхто не падыдзе і не запытаецца, адкуль гэты аўтамат — можа, так і трэба. А вазьмі сьцяг нацыянальны і прайдзі па Менску, адразу вырашаць, што ты Ўсама бін Лядэн і нясеш атамную зброю. Вось такое ў нас заканадаўства. Трэба ў Палату прадстаўнікоў выносіць прапанову, каб за няяўку на выбары давалі пажыцьцёвае зьняволеньне. Усіх не пасадзяць. Але калі ўсе прыйдуць, можа, што-небудзь зьменіцца ў гэтай краіне”.

Спадар: “Хачу падзякаваць маці Андрэя Кіма і яму самому за тое, што яны зьяўляюцца прыстойнымі, прыгожымі людзьмі. І дай Бог, каб такіх мацярок і сынкоў у нас было як мага больш. Я таксама хачу падзякаваць тым маладафронтаўцам, якія змагаюцца і ідуць за краты дзеля адраджэньня сваёй Бацькаўшчыны”.

Спадар: “Мядзьведзеў ужо 20 дзён як прэзыдэнт, гаворыць пра свабоду, чаму ён тады не вызваляе 19 “палітычных,” якіх пасадзілі пры Пуціне? Таксама як ЗША -- наклалі б табу і на Лукашэнку за беларускіх палітвязьняў. Відаць, у іх траіх абутак на адну нагу”.

“Шаноўная “Свабода”. Растлумачце, калі ласка,чым адрозьніваецца Сусьветны банк ад МВФ. Якiя функцыі яны выконваюць?”— пытаецца слухач “Свабоды” ў СМС-лісьце. Яму адказвае палітык і эканаміст-міжнароднік Аляксей Янукевіч:

“Міжнародны валютны фонд перадусім быў створаны дзеля разьвіцьця міжнароднага гандлю і падтрымкі стабілізацыі ўсясьветнай валютнай сыстэмы. Хоць ён таксама займаецца крэдытаваньнем краінаў, якія разьвіваюцца. А Сусьветны банк быў створаны значна пазьней якраз з мэтай барацьбы з галечай і беднасьцю. Каб падтрымліваць тыя краіны, якія разьвіваюцца”.

На эканамічную тэму і наступнае пытаньне:

Спадар: “Чаму вы не пракамэнтавалі тое, што вывозіцца тавараў на 200 мільёнаў менш, чым увозіцца? Дык ці друкуюцца грошы ў Лукашэнкі, ці ў нас такія запасы даляраў? Як пакрываецца гэтая розьніца ў 200 мільёнаў, цікава было б даведацца ад вашых эканамістаў”.

На пытаньне адказвае палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Гандлёвы балянс за чатыры месяцы гэтага году адмоўны прыкладна на 250—300 мільёнаў даляраў. Але гэта ня значыць, што ў Беларусі друкуюць даляры. Гэта можна кампэнсаваць коштам інвэстыцыяў, крэдытаў, што пасьпяхова робяць нашыя банкі і нашыя прадпрыемствы. Гэта пагражае толькі тым, што вельмі хутка растуць нашыя даўгі. І калі нічога не рабіць са структурай гаспадаркі, то праз 2—3 гады альбо трэба будзе паніжаць курс нашага беларускага рубля, альбо давядзецца аддаваць значна больш грошай на кампэнсацыю пазыкаў”.