Беларускіх турыстаў стала менш з-за падатковых органаў?

Адпачынак на моры становіцца ўсё больш недаступным для большасьці беларусаў

У Беларусі зьніжаецца колькасьць турыстаў, якія накіроўваюцца ў замежныя туры на адпачынак. Чаму гэта адбываецца? Такія паездкі сталі надта дарагімі для большасьці беларусаў альбо з-за розьніцы ў цэнах многія людзі вылятаюць у замежныя туры з Кіеву, Вільні і Масквы? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар выдавецтва “Риф-тур” «Туризм и отдых» Натальля Плыткевіч

Цыганкоў: «Паводле дадзеных міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, летась за першыя тры месяцы году ў замежныя туры накіравалася 56 тысячаў беларусаў, а сёлета – толькі 28 тысяч. На вашу думку, якія асноўныя прычыны таго, што гэтая колькасьць скарацілася ў два разы?»

Плыткевіч: «Па-першае, у гэтым вінаваты рост коштаў візаў. У сувязі з уступленьнем у Шэнген віза ў суседнія Польшчу, Літву, блізкія Чэхію, Славаччыну стала каштаваць 60 эўра. І адразу гэта ўдарыла па кішэнях турыстаў. Да таго ж Шэнгенскую візу стала больш складана атрымаць чым раней – іншыя, больш завышаныя патрабаваньні, больш трэба падаваць дакумэнтаў.

Падаражэла і авіяпаліва, як вынік – і авіябілеты. Падаражэлі і гатэлі, некаторыя краіны перайшлі на эўра. З гэтага ўсяго складаецца істотная зьмена ў цане пуцёвак у большасьць курортных месцаў”.

Цыганкоў: “Некаторыя сьцьвярджаюць, што многія беларусы пачалі часьцей вылятаць у замежныя туры з Кіева і Масквы, бо адтуль таньней авіяпералёты. Наколькі гэты чыньнік істотны?”

Плыткевіч: “Падарожжы з Кіева і Масквы ўвесь час былі таньней. Але розьніца складае ўсяго 100-200 даляраў, аднак трэба дабрацца да той самай Масквы, -- і гэтыя клопаты ў значнай ступені “зьядаюць” розьніцу ў кошце пуцёўкі.

Іншае пытаньне, што беларускія падатковыя органы маюць права запатрабаваць у турыстычных кампаніяў дадзеныя пра кліентаў. Таму многія беларускія турысты і ня хочуць купляць туры ў беларускіх турфірмаў”.

Цыганкоў: “Пачынаецца турыстычны сэзон. Ці працягнецца гэтая негатыўная тэндэнцыя ці можна спадзявацца на больш аптымістычныя вынікі?”

Плыткевіч: “Не, мой прагноз пэсымістычны. Калі параўноўваць з мінулымі гадамі, то гады два таму ў Баўгарыі можна было адпачыць сям’ёй за тысячу даляраў (і гэта быў цудоўны, якасны адпачынак), то цяпер такі самы тур будзе каштаваць 1300 эўра. Таму я лічу, што турыстаў з Беларусі будзе сёлета меней”