Зэльцэр застаецца пад вартай, а ягоны кліент прайграе суд у Нью-Ёрку

Зэльцэр і Функ былі затрыманыя 12 сакавіка, пры прылёце ў Менск. Ім інкрымінуецца выкарыстаньне заведама падробных дакумэнтаў.
Консул ЗША атрымаў магчымасьць двойчы наведаць Зэльцэра ў ізалятары КДБ, 27 сакавіка і 25 красавіка. Пасьля другога візыту консул паведаміў пра пагаршэньне стану здароўя Эмануіла Зэльцэра. У паведамленьні пасольства адзначалася, што адносна арыштаванага ўжывалася сіла.
Тым часам, паводле расейскага агенцтва «РИА-Новости» і газэты The Moscow Post, кліент Эмануіла Зэльцэра Джон Кэй прайграў у Нью-Ёрскім судзе справу аб спадчыне памерлага грузінскага мільярдэра Бадры Патаркацышвілі ягонай удаве Іне Гудавадзэ. Яна абвінаваціла Кэя і ягонага адваката Эмануіла Зэльцэра ў тым, што яны падрабілі тэстамэнт Паракацышвілі, каб завалодаць усім ягоным бізнэсам. Спадчына грузінскага магната паводле розных ацэнак складае 8-12 мільярдаў даляраў.
Варта адзначыць, што беларускі КДБ абвінавачвае спадара Зэльцэра менавіта ў выкарыстаньне заведама падробных дакумэнтаў.
Джон Кэй ў судовым пасяджэньні ў Нью-Ёрку прызнаў, што дакумэнты, якія прадставіў ягоны адвакат Эммануіл Зэльцэр, ня маюць юрыдычнай сілы адносна маёмасьці Патаркацышвілі.