“Едуць і баяцца”

“Як ставяцца супрацоўнікі дарожнай міліцыі Расеі да беларускіх кіроўцаў?” З такім пытаньнем наш менскі карэспандэнт зьвярнуўся да людзей, якія часта езьдзяць па расейскіх дарогах.

Спадар Аляксандар езьдзіць у Расею ўжо амаль 10 гадоў. Ён кажа, што ўсе кіроўцы баяцца транспартнай міліцыі:

“Яны правяраюць рэжым працы, дакумэнты могуць праверыць, глядзяць, загружаны ты ці не... Але галоўнае — рэжым працы. Цяпер як у Нямеччыне, глядзяць, каб кіроўца спаў, адпачываў. А ў Расеі — хто сьпіць і адпачывае? Там пагналі і пагналі”.

Аляксандар працуе ў расейскай фірме і езьдзіць на фурах з расейскімі нумарамі:

“Нас мала спыняюць. А як едзе беларус, ці літовец, ці паляк — дык адразу спыняюць: “А ну, ідзі сюды!”. Яны езьдзяць і баяцца, бо іх увесь час валтузяць. Даеш 100 рублёў расейскіх і едзеш далей. Ніякага пратаколу не складаюць, нічога.

А мяжа? Мы з расейскімі нумарамі пралятаем умомант. А беларусы ды ўсе астатнія стаяць — афармляюць часовы ўвоз. І стаяць чэргі кілямэтрамі. І 10 кілямэтраў бывае, і 15”.