Палітвязьню С.Парсюкевічу патрэбная тэрміновая апэрацыя

Лідэру прадпрымальнікаў Сяргею Парсюкевічу, якога трымаюць у Жодзінскім ізалятары, тэрмінова патрэбна апэрацыя. Сваякі вязьня непакояцца таксама, што апошнім часам ад яго не прыходзяць лісты.

Зь Сяргеем Парсюкевічам у Жодзінскім ізалятары сустрэлася ягоная адвакатка Вера Страмкоўская. Вось што яна распавяла пра свайго падабароннага:

“Я зь ім бачылася ў Жодзінскім ізалятары. Ён пачуваецца дрэнна, абвастрылася астма, а яму нават не дазволілі перадаць інгалятар. Я хадзіла да начальніка ізалятара прасіць, каб яму перадалі інгалятар і дапамагалі падчас прыступаў. А галоўнае, што турэмныя дактары рэкамэндавалі яму апэрацыю, але з Жодзінскага ізалятара ў рэспубліканскі турэмны шпіталь на апэрацыю не накіроўваюць, таму Сяргей Парсюкевіч мусіў напісаць заяву пра тэрміновы перавод у калёнію, адкуль могуць накіраваць на апэрацыю ў шпіталь”, — паведаміла Вера Страмкоўская.

Адвакатка перадала просьбу Сяргея Парсюкевіча накіроўваць яму лісты ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. “Ён казаў, што лісты яго вельмі падтрымліваюць”, — кажа Вера Страмкоўская.

Між тым жонка Сяргея Парсюкевіча Натальля непакоіцца, ці даходзіць да мужа пошта.

“Лістоў ад яго няма. Я пішу яму кожны дзень, але нічога ў адказ. Вось ужо накіравала яму віншаваньне і з днём нараджэньня, яму 14 траўня будзе 41 год, але ён маўчыць”.

Апошні ліст Парсюкевіч адправіў сваякам яшчэ зь менскага ізалятара на вуліцы Валадарскага. Гэта было ў красавіку. Паводле адміністрацыі “Валадаркі”, Сяргея Парсюкевіча разам зь некаторымі іншымі вязьнямі перавялі ў Жодзіна з-за аварыйнага стану турмы, пасьля таго як адна зь вежаў абрынулася.

23 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску пакараў Сяргея Парсюкевіча 2,5 гадамі зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў зьбіцьці міліцыянта.

Прадпрымальнік сваёй віны не прызнаў. У судзе Парсюкевіч даводзіў, што насамрэч гэта яго зьбілі міліцыянты пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Сяргей Парсюкевіч і ягоная адвакатка ўжо падалі скаргу на прысуд у Менскі гарадзкі суд. Час разгляду скаргі яшчэ не прызначаны. Праваабаронцы перакананыя, што ўлады перасьледуюць Сяргея Парсюкевіча як аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху.