Свабода ў сьвеце: Беларусь сярод найгоршых

Няўрадавая арганізацыя Freedom House у справаздачы аб свабодзе ў сьвеце за 2007 год зьмясьціла Беларусь сярод краінаў з найбольш рэпрэсіўным рэжымам.
У справаздачы дасьледаваная сытуацыя ў 193 краінах сьвету. 17 зь іх былі разгледжаны асобна як найгоршыя з найгоршых. У васьмёрку з самымі нізкімі адзнакамі трапілі Бірма, Куба, Лібія, Паўночная Карэя, Самалі, Судан, Туркмэністан і Ўзбэкістан. Там дзяржава мае татальны кантроль над жыцьцём грамадзянаў, палітычная апазыцыя адсутнічае.

Наступная група несвабодных краінаў улучае Беларусь, Чад, Кітай, Экватарыяльную Гвінэю, Эрытрэю, Лаос, Савудаўскую Арабію, Сырыю і Зімбабвэ. У гэтых краінах вельмі абмежаваная магчымасьць выказваньня сваіх поглядаў, палітычная актыўнасьць жорстка душыцца, існуе палітычная цэнзура.

Сытуацыі ў Беларусі прысьвечаны асобны дадатак да справаздачы. Сярод іншых азнакаў несвабоднай краіны там згадваюцца несправядлівае выбарчае заканадаўства, бяспраўнасьць парлямэнту, уціск палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, жорсткі кантроль над сродкамі масавай інфармацыі, жорсткія разгоны мірных дэманстрацыяў, практыка падслухоўваньня, існаваньне сьпісу невыязных.