Вернікі сумесна маліліся за вызваленьне Казуліна

Навіны пра беларускіх палітвязьняў.

Андрэй Кім знаходзіцца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. У актывіста запаленьне вачэй, якое пачалося падчас знаходжаньня ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Маці актывіста Тацяна Кім распавяла, што пра хваробу сына ёй стала вядома яшчэ да суду, які адбыўся 18-га красавіка. Яна перадавала сыну ў турму лекі, ён напісаў у лісьце, што быццам стаў адчуваць сябе лепей. Але на гэтым тыдні хвароба абвастрылася.

25-га красавіка з Андрэем у шпіталі сустрэлася адвакат. Вось што распавяла па выніках сустрэчы Тацяна Кім:

“Сапраўды, у яго запаліліся вочы. І пачаліся галаўныя болі, відаць ад вачэй. Цяпер ужо лепш стала, у тым ліку таму, што там, у шпіталі, ніхто ня паліць, і яму лепш. Яго абсьледуюць, у тым ліку і сэрца”.

Нагадаем, Андрэй Кім быў асуджаны на 1,5 года зьняволеньня за пагрозу міліцыянту падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Актывіст сваёй віны не прызнаў і абскардзіў прысуд. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце ужо выказалі меркаваньне, што гэта чарговая палітычная расправа.

23-га красавіка суд прызнаў прадпрымальніка з Віцебску Сяргея Парсюкевіча вінаватым у зьбіцьці міліцыянта і асудзіў на 2,5 года зьняволеньня. Адвакат Вера Страмкоўская бачылася зь Сяргеем Парсюкевічам на наступны дзень пасьля суду ў менскім сьледчым ізалятары.

“Ён вельмі апасаецца, што стане горш. Яго перавялі ў іншую камэру, якая знаходзіцца ў сутарэньні. Там зусім няма вокнаў. Прасторы там болей, але паветра горшае. Таму ён апасаецца за здароўе. Просіць дасылаць яму лісты, у яго 224-я камера. Кажа, што яго насамрэч гэта падтрымлівае”.

Вядома, што ўжо ў панядзелак, 28-га красавіка, Сяргей Парсюкевіч накіруе скаргу на прысуд Маскоўкага суду Менска.

Праз тыдзень у калёнію “Віцьба-3” выправяцца на доўгатэрміновае спатканьне з Аляксандрам Казуліным яго дочкі Вольга і Юля. Гэта будзе першая сустрэча сям’і Казуліных з канца лютага, калі палітыка зноў зьмясьцілі ў калёнію пасьля пахаваньня ягонай жонкі Ірыны.

25 красавіка, шмат хто зь вернікаў Беларусі маліўся за вызваленьне Аляксандра Казуліна і за ягонае здароўе. Напярэдадні з такім заклікам да вернікаў зьвярнуліся жыхары Салігорску, у палітычным штабе Аляксандра Казуліна гэтую ініцыятыву ўхвалілі. Пытаюся ў былога адваката Казуліна Ігара Рынкевіча: няўжо няма юрыдычных шляхоў змаганьня за вызваленьне палітыка і застаецца толькі спадзявацца на Бога?

“Сапраўды, юрыдычныя мэханізмы амаль вычарпаныя. Але нашая пазыцыя моцная тым, што за ёй праўда, за ёй сіла духу. Адсюль і пэўныя акцыі, як галадоўка пратэсту ды малітвы”.

Ужо два года і месяц Аляксандр Казулін знаходзіцца ў зьняволеньні паводле прысуду, які шмат хто ў Беларусі і сьвеце лічыць палітычна матываваным. Змаганьне за вызваленьне былога кандыдата на прэзыдэнта працягваецца. У тым ліку прадстаўнікі Дзярджэпартамэнту ЗША працягваюць заяўляць, што шлях да адмены санкцый супраць вядучага беларускага экспартэра “Белнафтахім” ляжыць праз вызваленьне Аляксандра Казуліна.