Каго караць за адмену льготаў?

Мікола Чурсін, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў, заклікаў прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў зь міністэрства працы і сацыяльнай абароны, адказных за падрыхтоўку законапраекту аб дзяржаўных льготах, правах і гарантыях. Ён выступіў з гэтай прапановай сёньня, калі ўрад адказваў на пытаньні дэпутатаў Нацыянальнага сходу.

Сваю пазыцыю дэпутат з Маладэчна аргумэнтаваў так:

“За першы квартал 2008 году замест абяцанай эканоміі бюджэтных сродкаў, якія ўрад хацеў накіраваць дзецям, мы атрымалі павялічэньне выдаткаў на гэтыя мэты амаль у тры з паловай разы. Пацярпела ад гэтага і чыгунка”.

Аднак віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў выказаўся за тое, каб не сьпяшацца з высновамі:

“Працэс рэфармаваньня льготаў вельмі няпросты. Прайшоў толькі першы квартал. Трэба ўважліва паглядзець, чаму так атрымалася, што канкрэтна стала прычынай. Неабходны дадатковы аналіз, і толькі пасьля гэтага можна рабіць канчатковыя высновы”.

Падтрымаў Андрэя Кабякова і кіраўнік палаты Вадзім Папоў.

Закон “Аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў” пачаў дзейнічаць з 17 сьнежня 2007 году. Ён выклікаў шырокую нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве. У Палаце прадстаўнікоў законапраект ад імя распрацоўшчыкаў прадстаўляла намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч.