Заўтра “Чарнобыльскі шлях”

Напярэдадні “Чарнобыльскага шляху” ў судзе працягваецца разгляд пазоваў ад гарадзкіх установаў супраць заяўнікаў леташняга Эўрапейскага маршу.
Сёньня ў Савецкім судзе Менску будзе разглядацца грамадзянская справа: прадпрыемства Мінгарвыканакаму “Мінскзеленбуд” патрабуе, каб заяўнікі маршу кампэнсавалі страты ў 1 мільён 400 тысяч рублёў.

Паводле “Мінскзеленбуда”, падчас Эўрапейскага маршу дэманстранты нібыта патапталі газоны, зламалі ліпу і хмызьнякі. Урон склаў 1 мільён 400 тысяч рублёў. Паводле “Мінскзеленбуда”, адказныя за гэта заяўнікі — Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Зьміцер Хведарук і Яўген Афнагель. Спадар Лябедзька заявіў, што не зьбіраецца ісьці на гэты працэс, пасьля таго, як суд задаволіў у поўным аб’ёме пазоў прадпрыемства “Гаррэмаўтадар” Мінгарвыканкаму. Згодна зь ім, заяўнікі Эўрапейскага маршу мусяць выплаціць больш за 2 мільёны рублёў як кампэнсацыю выдаткаў на прыбіраньне вуліцаў.

Прадстаўніцы “Мінскзелянбуду” ў залі Савецкага суду Менску

“Пасьля гэтага я проста згубіў усялякую цікавасьць да астатніх працэсаў, якіх, паводле маіх падлікаў, павінна адбыцца яшчэ сем. Гэта азначае адно, што ёсьць замова зьверху, створаны вельмі дрэнны прэцэдэнт. І яго наступствам можа быць толькі адно: прыхільнікаў пераменаў, апанэнтаў улады выціскаюць з прававога поля. Пасьля гэтага губляе сэнс падача ўсялякіх заявак афіцыйных на правядзеньне тых ці іншых мерапрыемстваў. Бо той, хто падае заяўку, аўтаматычна становіцца закладнікам сытуацыі“, – кажа Лябедзька.

Учора ў менскай міліцыі пабывалі заяўнікі “Чарнобыльскага шляху” Ігар Рынкевіч і Ўладзімер Лабковіч.

“Нам было прадэкляравана, што з боку супрацоўнікаў міліцыі ня будзе адбывацца ніякіх супрацьдзеяньняў у праходзе па тым маршруце, які і намі агучаны, і які ў прынцыпе збольшага адпавядае і рашэньню Менгарвыканкаму”, – расказаў Ўладзімер Лабковіч.

Пасьля гэтага адбылася сустрэча заяўнікаў з пракурорам Менску Куліком і ягоным намесьнікам Стукам.

“Нас папярэдзілі аб адміністрацыйнай, а ў некаторых выпадках і крымінальнай адказнасьці, калі будзе парушана заканадаўства пад час правядзеньня мерапрыемства. На гэта я сказаў, што адзіны бок, які можа парушыць парадак правядзеньня мерапрыемства – гэта супрацоўнікі палка міліцыі спэцпрыначэньня. І на гэтым мы, адмовіўшыся падпісваць гэтае папярэджаньне, усе ўчатырох пакінулі памяшканьне пракуратуры. Спадзяемся, што ва ўладаў хопіць здаровага сэнсу не ўстройваць у велікодную праваслаўную суботу правакацый, зьбіцьця ўдзельнікаў шэсьця, што не паўторыцца той сцэнар, які быў 25 сакавіка”.

Фармат Чарнобыльскага шляху, паводле заяўнікаў такі: збор 26 красавіка а 14-й гадзіне каля Акадэміі навук і выступы сяброў аргкамітэту. Пасьля гэтага адбудзецца шэсьце па ходніках па вуліцы Сурганава да капліцы па вуліцы Арлоўскай. Раней моладзевыя актывісты заяўлялі пра тое, што пойдуць сваім маршрутам. Аднак пакуль ніхто не бярэцца прагназаваць сытуацыю. Павал Севярынец сказаў:

“Будзе адбівацца рэакцыя людзей на апошнія суды. Кампанія рэклямы альбо яе адсутнасьць. І пэўны адказ беларусаў на падзеі апошняй масавай маніфэстацыі – Дня волі. Калі беларусы палічаць, што трэба выказацца супраць зьбіцьця, супраць судоў, то зьбярэцца даволі шмат людзей. Але адсутнасьць шырокай рэклямнай кампаніі ставіць пад пытаньне, ці зьбярэцца там багата людзей”.