А.Лукашэнка: Цэны на харчы будуць, як у Эўразьвязе

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “цэны на харчаваньне давядзецца падвышаць. Хочам мы ці не, цэны будуць прыкладна аднолькавымі – як у Расеі, Украіне, Беларусі, так і ў краінах Эўразьвязу".

"Сёньня яны ў нас крыху ніжэй. Мы трымаем цэны, але гэта няслушна, і дае магчымасьці вывазу прадукцыі". Гэтую заяву Аляксандар Лукашэнка зрабіў у часе паездкі па Гарадзеншчыне, паведамляе БЕЛТА.


17.6% - настолькі ў першым квартале гэтага году ў Менску павялічыліся цэны на харчаваньне ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Пра гэта паведаміла сталічнае ўпраўленьне статыстыкі.
Цэны на алей вырасьлі на 85%, на масла – на 30%, на малако і малочныя прадукты – на 29%, на макароны – на 27%, на сыр – на 24%, на крупу – на 21, на мяса і птушку – на 17%, на алькаголь – на 14%, на хлеб і яйкі - на 12%.


У часе паездкі Аляксандар Лукашэнка акцэнтаваў увагу на факты злоўжываньня з боку супрацоўнікаў сілавых структураў і праваахоўных органаў. ”Беларусь пераўтварылася ў “прахадны двор” паміж Эўразьвязам і Расеяй, і столькі “бруду” праз нашу тэрыторыю рухаецца ў аднымі і другім кірунку. Таму вельмі цяжка падтрымліваць той ўзровень бясьпекі людзей, які цяпер сёньня існуе”, цытуе словы А.Лукашэнкі БЕЛТА.

Менавіта сёньня былі вынесеныя прысуды моладзевым актывістам ў справе “Працэсу 14”. Дарэчы, раней паведамлялася, што на 22 красавіка плянуецца пасланьне кіраўніка Беларусі Нацыянальнаму сходу, аднак яго перанесьлі.