Ініцыятыва Бандажэўскага знайшла падтрымку ў Літве

Прафэсар Юры Бандажэўскі стварае міжнародны цэнтар праблемаў экалёгіі і радыяцыйнай бясьпекі чалавека.

Як паведаміў БелаПАН са спасылкай на Ю.Бандажэўскага, дзейнасьць цэнтру будзе накіравана на вывучэньне стану здароўя і аказаньне дапамогі людзям, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі і краін Балтыі.

Паводле Ю.Бандажэўскага, у рэгіёне захоўваецца вельмі неспрыяльная дэмаграфічная сытуацыя: сьмяротнасьць у два разы перавышае нараджальнасьць, расьце колькасьць анкалягічных і сардэчна-судзінных захворваньняў, а таксама існуюць значныя праблемы рэпрадукцыі чалавека.

"Асобны праект цэнтру накіраваны на аказаньне канкрэтнай і якаснай дапамогі беларускім дзецям з боку розных дабрачынных чарнобыльскіх фондаў і асацыяцый, якія дзейнічаюць у Эўропе. Аднак дзейнасьць гэтых структур мае патрэбу ў аргумэнтаваных кансультацыях вучоных", — зазначыў Ю.Бандажэўскі.

Паводле яго слоў, ідэя стварэньня цэнтру атрымала падтрымку грамадзкасьці Літвы, аднак месца разьмяшчэньня ўстановы пакуль ня вызначана.