Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сіліверст: “Трэба вярнуць прафэсара Бандажэўскага ў Беларусь”


Юрась Бушлякоў, Прага Госьць “Начной Свабоды” – ліквідатар-чарнобылец Васіль Сіліверст.

Бушлякоў: “З 23 да 27 жніўня вы трымалі галадоўку пратэсту супраць пазыцыі дактароў Цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны. Галадоўку давялося спыніць у сувязі з пагаршэньнем здароўя…”

Сіліверст: “Так, была вельмі моцная псыхалягічная нагрузка, бо менавіта ў радыяцыйным цэнтры вырашаўся лёс маёй хваробы, які так і ня вырашыўся”.

Бушлякоў: “Вы ўжо чацьверты раз пратэставалі галадоўкай супраць пазыцыі дактароў, якія адмаўляюцца прызнаць сувязь між вашымі хваробамі і радыяцыйным узьдзеяньнем. Як яны матываюць сваю пазыцыю, чаму не прызнаюць гэтай сувязі?”

“Не цягніце гэтае пытаньне столькі год, я магу і не дажыць...”

Сіліверст: “Дактары ў Беларусі кіруюцца тымі інструкцыямі, якія расправцавала для іх міністжрства аховы здароўя, чыноўнікі. Гэтыя інструкцыі маюць чыста суб''ектыўны характар. Каб даказаць ісьцінную прычыну маіх хваробаў – а я знаходзіўся ў Чарнобыльскай зоне больш за 6 месяцаў, трэба, каб дактары даказалі, што зьяўляецца прычынай – Чарнобыль ці што іншае. Радыяцыйная навука ў Беларусі знаходзіцца яшчэ на вельмі нізкім узроўні, таму што ў самім Радыяцыйным цэнтры ў Гомелі працуюць яшчэ маладыя спэцыялісты, якія валодаюць толькі асновамі радыяцыйнай мэдыцыны, а такога ўзроўню спэцыялістаў як, напрыклад, прафэсар Юры Іванавіч Бандажэўскі, там няма.

Канфлікт у гэтым пляне стварыла беларуская мэдыцына і міністэрства аховы здароўя, а ня я. Як жа лекар, які ня ведае прычыну хваробы, можа вылечыць чалавека? У маім выпадку здароўе чамусьці не стабілізуецца, з кожным годам становіцца ўсё горш. Зараз у мяне мэдыкі канстатуюць цяжкую форму захворваньня. Тут павінны нешта рабіць дактары, але я спрабую гэтак іх падштурхнуць: не цягніце гэтае пытаньне столькі год, я магу і не дажыць... Можа, трэба якія іншыя мэтады лячэньня ў Беларусі, а не традыцыйныя? Гэтыя мэтады лячэньня за 20 год абсалютна нічога не далі, і ў мяне такое ўражаньне, што дактары мяне ня лечаць, а папросту калечаць”.

Мне сказалі: “Бандажэўскі займаецца толькі палітыкай”

Бушлякоў: “Вы спасылаецеся на былога рэктара Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту Юрыя Бандажэўскага, які ў сваіх працах даказаў сувязь хваробаў сэрца з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Чаму ягоныя аргрумэнты ня хочуць браць пад увагу?”

Сіліверст: “Вельмі проста. Калі я прасіў у новага дырэктара цэнтру, кандыдата мэдычных навук А.В.Ражко, які прыехаў нядаўна з Гародні, правесьці гэты кансыліюм, каб ён даў заключэньне, абумоўленыя мае хваробы Чарнобыльскай катастрофай ці не, навукоўцы адказалі, што зараз толькі пачынаюцца дасьледаваньні гэтай праблемы – уплыву радыёнуклідаў на катаракту вачэй і сэрца, якімі я хварэю. Я гэта праходзіў яшчэ летась у мінулым годзе, і я ім сказаў: спадары мэдыкі, калі прафэсар Бандажэўскі гэтую тэму вывучыў і даказаў, уся Эўропа пра гэта ведае, у Базэльскім мэдычным унівэрсытэце, то навошта вам яшчэ раз гэта вывучаць?

Тады яны адразу як быццам абурыліся, што Бандажэўскі фальсыфікаваў вынікі навуковых дасьледаваньняў. Я ў іх спытаўся – якім чынам? Тады кандыдат біялягічных навук Уласава Натальля Генрыхаўна мне адказвае, што ён вывучаў узьдзеяньня радыяцыі толькі на хвасты пацукоў... Потым настала паўза, і слова ўзяла слова намесьнік дырэктара інстытута, кандыдат мэдыцынскіх навук Алена Сасноўская, якая сказала, што Бандажэўскі ў нас тут займаецца толькі палітыкай і ўцягвае ўсіх у палітыку, уцягнуў у яе прафэсара Несьцярэнку... Тады ў мяне пра гэта размова проста скончылася”.

“Да Чарнобыля ў нас на Гомельшчыне такой сьмяротнасьці не было”

Бушлякоў: “Выглядае, што ў афіцыйнай беларускай мэдычнай навукі няма пэўнай мтодыкі ўсталяваньня сувязі паміж захворваньнямі і радыяцыйным узьдзеяньнем?”

Сіліверст: “У тым і справа, што ў Беларусі няма, а ва Ўкраіне, у Расеі гэтая мэтодыка даўно распрацаваная, там ніякіх спрэчак і праблем няма. Я сустракаўся з дырэктарам Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны пры Акадэміі мэдычных навук у Кіеве. Пры гэтым цэнтры ў Кіеве існуюць тры навукова-дасьледчыцкія інстытуты. Там ёсьць біяхімічная лябараторыя, дактары-радыёпатолягі, якіх няма ніводнага ў Беларусі. У рэспубліканскай экспэртнай радзе ў Менску – 17 дактароў, але ў ніводнага няма навуковых працаў па радыяцыйнай мэдыцыне. Калі прэзыдэнт адкрываў гэты цэнтар, то трэба было запрасіць спэцыялістаў з Украіны і з Расеі”.

Бушлякоў: “Што вам дасьць прызнаньне таго, што вашыя хваробы абумоўленыя радыяцыйным узьдзеяньнем?”

Сіліверст: “Гэта дасьць ня мне, а дактарам, якія мяне лечаць, каб яны ведалі, ад чаго яны мяне лечаць – ці ад агульных хвароб, ці ад цэзія і іншых радыёактыўных рэчываў, якія дзейнічаюць у арганізьме як атрута. Па-другое, усталяваньне гэтай сувязі дасьць шмат і маім калегам-ліквідатарам – многія зь іх памерлі, і сувязь у іх так і не ўсталявалі... Але ў мяне на руках ёсьць частка дакумэнтаў экспэртных радаў, дзе напісана, што іх інваліднасьць і сьмерць зьвязана з удзелам у работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Гэта дае пэўныя льготы сваякам, калі інвалід Чарнобыля памрэ.

У шырэйшым пляне я б хацеў данесьці да шырокай аўдыторыі радыёслухачоў, што гэтая праблема ў Беларусі існуе, і яе трэба нейкім чынам супольна вырашаць. Праблема сьмяротнасьці – адна з найважнейшых. Да Чарнобыля ў нас на Гомельшчыне такой сьмяротнасьці не было. А людзі ў кіраўніцтве Беларусі чамусьці маўчаць на гэты конт, а пад выглядам “Дажынак”, выезду сьпевакоў у чарнобыльскія раёны зрабілі, як быццам гэтай праблемы не існуе. Трэба вярнуць прафэсара Бандажэўскага ў Беларусь, адкрыць лябараторыю, дапамагаць людзям выводзіць радыёнукліды...”

“Наша беларуская мэдыцына як быццам палітызавалася”

Бушлякоў: “Якая, на ваш погляд, асноўная праблема беларускай мэдыцыны?”

Сіліверст: “Гэтых праблем вельмі шмат. Я ведаю, што Беларусь займае першае месца ў сьвеце па колькасьці дактароў на 100.000 жыхароў. Але зноў жа: лекараў як быццам шмат, але іх якасьць не адпавядае іхнай колькасьці. Думаю, што гэтую праблему нельга вырашыць адміністрацыйным шляхам.

У Беларусі па сёньняшні дзень не існуе незалежных навукова-мэтадычных дасьледаваньняў. Гэта першая праблема: мэдыкі не павінны залежаць ад чыноўнікаў наверсе. Наша беларуская мэдыцына як быццам палітызавалася... Як мне сказалі: у Бандажэўскага больш палітыкі ў працах... Гэта ня так. Калі такая высокая сьмяротнасьць у краіне – гэта таксама палітыка. Як і адносіны мэдыкаў да людзей.

Зь ня вельмі прыгожымі адносінамі я сутыкнуўся ў цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны. Лекар-спэцыяліст мне кажа: “Схадзіце, прынясіце сваю картку”. Я кажу: “Картку павінна насіць мэдсястра, мне цяжка хадзіць, у мяне хворыя ногі і два інфаркты”. Ён мне кажа: “Ну, калі вам цяжка хадзіць, то сядзіце дома...” Я абурыўся – мяне запрасіў дырэктар, а лекар дазваляе сабе такія выказваньні.

А ў цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны нна ўваходзе напісана: "Самая галоўная задача нашага цэнтру – уважлівыя адносіны да пацыента". Калі мэдыцына будзе ня толькі так казаць,але і так рабіць, то чалавеку зробіцца жыць крыху лягчэй, я думаю”.

В.Сіліверст: “Арганізацыя ліквідатараў будзе ў Беларусі адной з найбуйнейшых", 27.04.2007
XS
SM
MD
LG