М.Чаргінец: “Калі ён журналіст, дык да яго нават не дакранайся?”

“Чаму пакаралі журналіста, які займаўся сваёй прафэсійнай працай, асьвятляючы падзеі Дня Волі?” — такое пытаньне сёньня задалі ўдзельнікам відэаканфэрэнцыі Масква — Менск.

Кіраўнік міжнароднай камісіі Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец адказвае:

“Калі журналіст, які зьяўляецца грамадзянінам краіны, парушыў яе законы, ён будзе адказваць. Калі супрацоўнік міліцыі ўжыў супраць журналіста незаконныя меры ўзьдзеяньня, ён таксама павінен адказваць. Давайце будзем цьвяроза разглядаць сытуацыю, а не казаць, што калі ён журналіст, дык да яго нават не дакранайся.

Работа журналіста павінна адпавядаць законам краіны, у якой ён працуе альбо жыве. А калі ён парушае закон, дык яму што — можна пераходзіць вуліцу на чырвонае сьвятло? Не, канечне”.