Мілян: ноч салідарнасьці зь Беларусьсю

Акцыю ”Эўропа, дай выказацца грамадзянам Беларусі” правялі сёньня ўначы ў Міляне сябры “Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў” — некамэрцыйнай грамадзкай арганізацыі, якая падтрымлівае інтэграцыю ў Эўропе.

Удзельнікі маніфэстацыі сабраліся на ўлюбёнай мілянцамі ды гасьцямі гораду плошчы Piazza del Duomo. Яны заклікалі эўрапейцаў падтрымаць грамадзянскую супольнасьць і рух апазыцыі ў Беларусі.

”ЭЗ, які даў сваім новым краінам-сябрам самыя розныя пэрспэктывы, уключна з адзінай валютай, свабодай перамяшчэньня, ня можа забывацца пра тое, што на мяжы зь ім жыве шмат грамадзянаў, якім адмоўлена ў асноўных грамадзянскіх правах, — казалі ўначы ўдзельнікі акцыі. — Сёньня мы ўсе разам дэманструем сваё адзінства з тым, каб нашы беларускія раўналеткі маглі спазнаць гэтыя правы і свабоды”.

Маніфэстанты таксама заявілі, што ЭЗ ня можа заставацца абыякавым да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Яны патрабавалі, каб эўрапейцы выпрацавалі адзіную палітыку дзеля таго, каб супрацьстаяць выкліку дэмакратыі па за межамі ЭЗ.