“Вольны горад” судзіцца зь “Ленінскім клічам”

У Крычаве пачаўся суд, паводле позвы рэдактара недзяржаўнай газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага і заснавальніка выданьня Уладзімера Кудраўцава да газэты Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч”.

Нагодай для позвы сталася сэрыя фэльетонаў, якія ў 2005-2007 гадах друкавала крычаўская раёнка.

Паводле пазоўнікаў, у фэльетонах у зьняважлівай форме апісвалася дзейнасьць крычаўскіх апазыцыйных палітыкаў. Грамадзкіх актывістаў ды журналістаў недзяржаўных газэтаў.

Праз суд Сяргей Няроўны і Ўладзімер Кудраўцаў намагаюцца бараніць свае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Пазоўнікі таксама хочуць спагнаць зь “Ленінскага клічу” 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральных стратаў.