Мастацкая выстава “Куды прыводзяць мары?” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

У Музэі гісторыі беларускага кіно адкрылася мастацкая выстава “Куды прыводзяць мары”, якую традыцыйна напярэдадні надыходу вясны ладзіць сталічная галерэя “Арс Лонга”.

Выстава прысьвечаная прыходу вясны і першаму вясноваму сьвяту — 8 сакавіка. Адсюль і прынцыпы адбору: творы мастацтва павінны быць арыгінальнымі, прыгожымі, філязофскімі і самае галоўнае — абавязкова пазытыўнымі. Распавядае мастацтвазнаўца Алеся Раманюк:

“Мастакам задалі тэму мары. Наагул, назва выставы — “Да чаго прыводзяць мары”. Вось мы бачым, што нехта з мастакоў марыць пра мора — так яго і бачыць, з залатым пясочкам, вадой блакітнай. Нехта марыць пра лета, нехта — пра вясну...”

Карэспандэнтка: “Нехта — пра прыгожых жанчын...”

“Нехта пра прыгожых жанчын, нехта — пра гаспадынь прыгожых і таленавітых, нехта — пра дзяцей... То бок тут сапраўды паказаны мары, мары мастакоў беларускіх. А яны — натуры такія тонкія, чульлівыя, пачуцьцёвыя, і каму, як ня ім, раскрыць мары ў такой велічы, маляўнічасьці?”

Кожнага наведніка сустракаў скрыпач і мім, кожны павінен быў узяць удзел у стварэньні агульнага вясновага палатна — намаляваць пэндзьлем і фарбамі, да прыкладу, хоць кветачку. Гутару з наведнікамі выставы:

“Насамрэч тут шмат вартых карцін, уся атмасфэра вельмі добрая. Асабіста мне больш спадабаліся скульптуры і лялькі. Вельмі прыгожа! Магчыма, так выглядае рай”.

“Мастацтва вельмі цікавае. Вельмі добры настрой пануе тут, на выставе. Хочацца кахаць, любіць увесь сьвет. Адчуваньне сьвята, насамрэч. Адчуваецца надыход вясны. На вуліцы, можа, і ня так яшчэ — там дожджык ідзе. А тут сонечна”.

На выставе прадстаўленыя жывапісныя палотны, скульптура, прыкладное мастацтва, лялькі. Шмат твораў, жанр і тэхніку якіх вельмі цяжка вызначыць — умоўна гэта можна назваць аўтарскай альбо мяшанай тэхнікай. Пра аўтараў выставы распавядае мастацтвазнаўца Алеся Раманюк:

“Выстава аб’ядноўвае каля 20 мастакоў — сучасных беларускіх жывапісцаў, скульптараў, лялечнікаў. Сярод аўтараў — і прызнаныя мастакі: Вольга Шлегель, Алена Лузан, Рыгор Несьцераў, Руслан Вашкевіч, Сяргей Рымашэўскі, і моладзь — Алена Іванова, Кацярына Зантарыя, Ганна Старавойтава”.

Выстава працуе ад сёньня па 8 сакавіка ўключна ў Музэі гісторыі беларускага кіно па вуліцы Свярдлова, 4 (побач з Чырвоным касьцёлам). Усе працы пасьля выставы можна набыць — у апошні дзень яе працы можна будзе пазнаёміцца з усімі аўтарамі.

Пантаміма


Сяргей Пяткевіч "Глюк"


Сяргей Сялецкі "Горад"


Ганна Старавойтава "Пяшчота"


Андрэй Хацяноўскі "Бясплатны сыр"


Лялькі Ірыны Ражко


Далучыцца да мастацтва мог кожны жадаючы