17 лютага з Беларусі ў Вэнэсуэлу дастаўленыя першыя 100 тон сухога малака. Пасьля гэтага апазыцыйныя газэты краіны распаўсюдзілі інфармацыю, што гэтае малако нібыта заражанае радыяцыяй і небясьпечнае для здароўя.
26 лютага санітарныя службы краіны абверглі гэтую інфармацыю. Кіраўнік аддзелу ядзерных тэхналёгій Вэнэсуэльскага інстытуту навуковых дасьледаваньняў Лілея Карысалес заявіла, што ўсе імпартаваныя харчы праходзяць сэртыфікацыю ў адпаведнасьці з міжнароднымі нормамі.
У сувязі з тым, што частка тэрыторыі Беларусі 22 гады таму была заражана ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сельгаспрадукцыя з гэтай зоны праходзіць кантроль у аддзеле ядзерных тэхналёгій, адзначыла спадарыня Карысалес. Праведзеная экспэртыза паказала, што імпартаванае з Беларусі сухое малако не ўтрымлівае шкодных і радыяактыўных рэчываў.