В.Шалкевіч: “Гэты дзень трэба агучваць”

Неўзабаве споўніцца 90 гадоў Беларускай Народнай Рэспубліцы. Якім чынам варта і мэтазгодна, на погляд беларускай інтэлігенцыі, адзначаць гэтае сьвята?

Бард Віктар Шалкевіч мяркуе гэтак:

Шалкевіч: Сьвечкі паліць па вокнах – гэта глупства. Гэты дзень трэба агучваць перадусім. Бо мала пра яго ведаюць. А гэта ж першы такі ўздым людзей, якія паверылі, што беларусы як нацыя могуць існаваць незалежна. Вось што трэба адзначыць!

Мне здаецца, што трэба, як палякам у часы, калі яны жылі “пад расейскім заборам” – у іх такі дзень 3 траўня – гэта быў дзень, калі ўсе зьбіраліся ў хатах – нехта мог да сябе болей людзей запрасіць, нехта – меней... Дзеці чыталі вершы пра незалежнасьць, а потым быў вялікі банкет. Я ня ведаю тых, хто мог бы сёньня сабраць вялікую колькасьць людзей у адным месцы – мне здаецца, трэба расьціць пакаленьні. Калі пакаленьні падрастуць – адно, другое, трэцяе – сфармуецца сапраўды большасьць - і тады адбудуцца сапраўды угодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. Вось і ўсё – просты рэцэпт.

Карэспандэнтка: А для Вас асабіста гэтае сьвята – якое?

Шалкевіч: Для мяне асабіста гэта вельмі сумны дзень. Таму што калі я першы раз патрапіў у Прагу, сябры павялі мяне на Альшанскія могілкі і я ўпершыню ўбачыў магілы айцоў-заснавальнікаў БНР. У мяне папросту сэрца сьцялася. Для мяне гэта вельмі сумны дзень. Дзень, калі ўсё магло рэалізавацца. Але, на жаль, не рэалізавалася.