Сіняя ружа — эмблема багацьця?

Напярэдадні сьвятаў кветкавы бізнэс прыносіць найбольшы прыбытак. Кошты на кветкі падвышаюцца на 15—20%.
Традыцыйна — ружа на першым месцы, дзесьці 60—80% усіх закупаў.

Набіраю кантактны нумар кветкавага парталу beauty.by і цікаўлюся густамі спажыўцоў:

“Традыцыйна — ружа на першым месцы, дзесьці 60—80% усіх закупаў. Потым туліпаны. Можна і так сказаць: хто крыху болей зарабляе, набывае ружы, хто меней — тульпаны. Працэнтаў 10 — гэта тульпаны, далей — хрызантэма, гвазьдзікі і г.д. З эксклюзіву яшчэ просяць чорныя і сінія ружы. У нас на партале, у прыватнасьці, ёсьць букет з сініх ружаў. Гэта, вядома, экспартная прадукцыя — Галяндыя і Эквадор. Нягледзячы на дарожныя выдаткі, кошт практычна такі ж, як і ў беларускіх кветак. Найперш, у іх гэта пастаўлена на масавы паток, тэхналёгіі вельмі добра разьвітыя — і паводле сабекошту кветкі ім абыходзяцца таньней, чым беларусам. Таму і канчатковы кошт прыблізна роўны. Вядома, як бы там ні было, беларуская ружа таньнейшая на пару тысячаў, але вельмі вялікай розьніцы — прыкладам, двухразовай — няма”.

“Жывая раскоша” — за паўтысячы даляраў

Апошняя мода — замова стылёвых букетаў праз інтэрнэт.

Кошты парталу beauty.by. “Сьціплая фантазія” — 14 даляраў.

Згаданы маім суразмоўцам букет з сініх ружаў пад назвай “Абнаўленьне жыцьця” — 69 даляраў.

Шмат якія кампазыцыі каштуюць далёка за 100 даляраў. Прыкладам, “Жывая раскоша” — 490 даляраў.

Для параўнаньня, у падземных пераходах і ў спэцыялізаваных крамах гвазьдзікі каштуюць 1 даляр за кветку, гербэры — 2 даляры, ружы — ад 4—5 даляраў. Гатовыя букеты стартуюць ад 15—20 даляраў.

Палову ўсіх імпартных кветак завозяць у Беларусь зь Нідэрляндаў, далей ідуць Нямеччына, Польшча, Расея і Турэччына. У Беларусі можна знайсьці таксама кветкі з Эквадору і Калюмбіі.

Сьвятлана Кобрына, супрацоўніца саўгасу-камбінату “Кветкі сталіцы”, што месьціцца ў раёне менскай ТЭЦ-4, лічыць, што беларускія вытворцы з дапамогай дзяржавы змаглі б задаволіць попыт на ўнутраным рынку:

“Я думаю, можна, таму што новыя цяпліцы пабудаваныя і ў Берасьці, і ў Магілёве. У Гомелі ёсьць. Наконт гэтага існуе адмысловае ўрадавае распараджэньне. І ў нас рэканструкцыя з гэтага году пачынаецца, будуць уводзіцца дадатковыя гектары. То бок я думаю, што можна было б. І нашмат прасьцей тады было б у нас з рэалізацыяй, таму што вельмі вялікая канкурэнцыя з боку завознай прадукцыі. Бо цяпер увезеных кветак болей. Калі шчыра, рэалізаваць сваю прадукцыю вельмі складана. Яны кошты апускаюць, а мы ж вытворцы: каб акупілася вытворчасьць, мы ня можам па зусім ужо танных коштах адпускаць прадукцыю. А ў іх таньней, бо ў той жа Галяндыі яны каштуюць капейкі. Нават калі з накруткамі, то атрымліваецца кошт, ну, дзесьці на ўзроўні з нашым. І мы на гэтыя лічбы таксама арыентуемся, бо ня можам паставіць больш”.

Беларускія кветкі легалізуюць законам?

Як кажа Сьвятлана Кобрына, праблему на кветкавым рынку Беларусі трэба вырашыць на ўзроўні закону:

“Я спадзяюся, што калі ўва ўсіх абласных цэнтрах будуць збудаваныя цяпліцы, магчыма, якісьці закон і будзе прыняты, каб зьменшыць колькасьць імпарту і каб перадусім свая прадукцыя даходзіла. І якасьць у нас лепшая. Гэта ж што такое — пакуль давязуць, пакуль растаможаць кветку, а што такое яна сьвежазрэзаная? Яна стаіць жывая. А ў завезеную колькі хіміі трэба ўсунуць, каб яна тыдзень-два пратрымалася ў дарозе!”
Выцесьніць ружу галяндзкую нельга. Чаму? Таму што попыт на яе значна вышэйшы, чым попыт на ружу беларускую.

Бізнэсоўцы, якія займаюцца імпартам кветак, ня згодныя з намерамі рэгуляваць гандаль веткамі. Вось, што заявіў адзін з гандляроў:

“Я не магу сказаць, да чаго ўрэшце прыйдуць нашы сэлекцыянэры. У прынцыпе, яны могуць вывесьці для нашых умоваў добрую ружу. Але пытаньне ў тым, што на дадзены момант казаць пра ліквідацыю канкурэнтаў не зусім апраўдана. Выцесьніць ружу галяндзкую нельга. Чаму? Таму што попыт на яе значна вышэйшы, чым попыт на ружу беларускую. Любы пакупнік бачыць, што гэтая ружа і большая, і прыгажэйшая, і стаіць яна нашмат даўжэй, чым беларуская. Дый у некаторых выпадках ня тое што галяндзкая, а нават лацінаамэрыканская ружа таньнейшая атрымліваецца. Можа, гэта зьвязана з тым, што гадаваць кветкі ў Эквадоры таньней, умовы надвор’я там адпаведныя, а як гадуеш у цяпліцы — і выдаткі большыя. Сэнс у тым, што беларуская паводле памераў, паводле якасьці крыху горшая за галяндзкую і эквадорскую. Зрэшты, ёсьць яшчэ польская ружа ў нас у Беларусі, але перадусім папулярныя ўжо згаданыя. Але кожны павінен мець права выбіраць на свой густ”.