Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстанскі беглы мільярдэр заявіў, што хоча зрынуць рэжым Назарбаева


Мухтар Аблязаў (у цэнтры) пасьля выхаду з турмы ў Парыжы
Мухтар Аблязаў (у цэнтры) пасьля выхаду з турмы ў Парыжы

Казахстанскі мільярдэр і апазыцыйны дзяяч Мухтар Аблязаў, які знаходзіцца ў выгнаньні ў Францыі, заявіў, што ягонай мэтай цягам наступных трох гадоў будзе зьвяржэньне ўлады прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.

Як сказаў APF Аблязаў, вызвалены на днях з-пад варты ў Францыі пасьля адмовы ў ягонай экстрадыцыі, ён пераедзе ў Парыж, каб рыхтаваць зьвяржэньне рэжыму Назарбаева.

Паводле Аблязава, ён хоча прынесьці «эканамічныя рэформы» ў Казахстан, якім Назарбаеў кіруе нязьменна як аўтарытарны лідэр яшчэ з канца савецкіх часоў, з 1989 году.

У сераду Генэральная пракуратура Казахстану заявіла, што будзе і далей спрабаваць перасьледаваць Мухтара Аблязава пасьля таго, як Францыя адмовілася ад яго выдачы і вызваліла з-пад варты. Як заявілі ў Генпракуратуры, Аблязаў абвінавачаны ў растраце сродкаў, арганізацыі злачыннай групоўкі, незаконным атрыманьні чужой маёмасьці, фінансавых злоўжываньнях, адмываньні грошай і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.

Мухтара Аблязава 9 сьнежня вызвалілі з-пад варты ў Францыі пасьля таго, як вышэйшы адміністрацыйны судовы орган гэтай краіны, Дзяржаўная рада, скасаваў указ ураду пра ягоную экстрадыцыю ў Расею, выдадзены яшчэ ў верасьні 2015 году.

Перад тым у ягоную абарону выступіў спэцыяльны прадстаўнік ААН у пытаньнях прадухіленьня катаваньняў Нільс Мельцэр, які заявіў, што Францыя мусіць устрымлівацца ад экстрадыцыі ў краіны, у дачыненьні да якіх ёсьць падазрэньні ва ўжываньні катаваньняў. Мельцэр таксама адзначыў, што Расея можа экстрадаваць Аблязава ў Казахстан, дзе да яго могуць быць ужытыя катаваньні.

Аблязава шукаюць і ў ягоным родным Казахстане, і ва Ўкраіне і Расеі па абвінавачаньні ў фінансавых махінацыях. Францыя ня мае пагадненьня аб экстрадыцыі з Казахстанам, але мае такія пагадненьні з Украінай і Расеяй.

Абарона Аблязава і праваабаронцы заяўлялі, што ні ва Ўкраіне, ні ў Расеі ён можа не атрымаць справядлівага разгляду справы, да таго ж існуе рызыка, што гэтыя краіны могуць далей экстрадаваць яго ў Казахстан, дзе дзеячу пагражацьмуць катаваньні і іншыя злоўжываньні.

53-гадовага Мухтара Аблязава, крытыка ўлады прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, арыштавалі на поўдні Францыі ў канцы ліпеня 2013 году, як паведамляецца, на запыт экстрадыцыі, які паступіў з Украіны. Акрамя таго, такія ж запыты паступілі і з Казахстану і Расеі. Аблязава, апазыцыянэра да ўлады прэзыдэнта Назарбаева і былога кіраўніка найбуйнейшага камэрцыйнага банку Казахстану, «БТА Банку», на радзіме абвінавачваюць у крадзяжы больш як 6 млрд даляраў. Ва Ўкраіне і Расеі супраць яго выставілі падобныя абвінавачваньні праз растраты ў мясцовых філіях «БТА Банку».

Аблязаў уцёк з Казахстану ў Лёндан у 2009 годзе, калі казахстанскія ўлады адабралі ў яго кантроль над ягоным банкам, і атрымаў прытулак у Вялікай Брытаніі ў 2011 годзе. Але ў 2012-м ён зьбег і з Вялікай Брытаніі, дзе яго завочна прысудзілі да 22 месяцаў зьняволеньня за непавагу да суду за тое, што ён утаіў ад брытанскіх уладаў свае актывы, якія меліся быць замарожаныя на рашэньне суду. Аблязаў заяўляе, што ўсе абвінавачваньні супраць яго палітычна матываваныя і ёсьць спробамі Назарбаева ліквідаваць яго як палітычнага праціўніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG