Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Рыё — пакуль у ролі статыстаў. На каго спадзявацца?


Беларуская жаночая алімпійская зборная ў баскетболе гуляе зь Японіяй 6 жніўня 2016 года. У цэнтры — Тацяна Ліхтаровіч
Беларуская жаночая алімпійская зборная ў баскетболе гуляе зь Японіяй 6 жніўня 2016 года. У цэнтры — Тацяна Ліхтаровіч

9 жніўня беларускія спартоўцы на Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра прадстаўленыя ў сямі дысцыплінах. Дагэтуль на п’едэстал ніхто так і ня скочыў.

Спадзяваньні перадусім на рэабілітацыю жаночай зборнай у баскетболе, якая пачала турнір зь дзьвюх паразаў запар — ад японак і францужанак. Хоць сёньняшнія суперніцы — бразыльянкі — таксама зусім ня простыя: гаспадыні спаборніцтваў будуць мець шалёную хатнюю падтрымку.

Пакуль пасяляюць спадзяваньні акадэмічныя весьляры: Станіслаў Шчарбачэня ў другім чвэрцьфінале фінішаваў трэцім і кваліфікаваўся ў паўфінальную стадыю. Аналягічны вынік прадэманстравала і прыжыцьцёвая легенда беларускага спорту, 44-гадовая Кацярына Карстэн — яна таксама пазмагаецца ў паўфінале.

Пакуль досыць упэўнена ідзе па дыстанцыі ўганараваны Ўладзімер Самсонаў — у 1/4 майстар настольнага тэнісу сустрэнецца з прадстаўніком Нямеччыны Дзьмітрыем Аўчаровым. Летась на першых Эўрапейскіх гульнях менавіта Аўчароў перамог Самсонава ў фінале.

У парусным спорце на чарговыя заезды ў папярэдняй стадыі выйдуць Тацяна Драздоўская і Мікіта Цыркун. Чэмпіёнка сьвету Драздоўская на гэты час займае 14-ю пазыцыю ў прамежкавай табліцы, посьпехі Цыпкуна яшчэ сьціплейшыя — 25-е месца. Каб пазмагацца за мэдалі, трэба трапіць у лік 10 наймацнейшых.

Як «прывідныя» ацэньваюць спартовыя аналітыкі шанцы ў плаваньні на дыстанцыі 100 мэтраў вольным стылем у Яўгена Цуркіна. Дый сам плывец падкрэсьлівае, што робіць упор на «сотню» батэрфляем.

Відавочна «пралятаюць» спартоўцы, якія абараняюць гонар Беларусі ў стральбе з луку і стральбе кулявой. Антон Прылепаў заняў у кваліфікацыі 52 месца, сярод аўтсайдэраў прыйшла да фінішу і Вікторыя Чайка.

Усяго на Алімпіядзе-2016 мэдалі ўжо заваявалі спартоўцы з чатырох дзясяткаў краінаў. Беларусаў у гэтым пераліку пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG