Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачаты збор сродкаў на музэй Алеся Адамовіча ў Бабруйскім раёне


У Бабруйску адкрыты дабрачынны рахунак па зборы сродкаў на рэканструкцыю будынка ў пасёлку Глуша пад музэй вядомага пісьменьніка, сцэнарыста і літаратуразнаўцы Алеся Адамовіча.

Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч.

«Ідэя аб стварэньні музэю нашага славутага земляка абмяркоўваецца даўно. Таму сымбалічна, што менавіта ў Год культуры прынята канчатковае рашэньне, што музэю быць, сродкі будзем зьбіраць на гэтую добрую справу ўсёй грамадой. Мы спадзяёмся падключыць да гэтага прамысловыя прадпрыемствы, прыватных спонсараў, грамадзкасьць і ўсіх, хто не абыякавы да творчасьці геніяльнага чалавека, які па праву зьяўляецца нацыянальным гонарам Беларусі», — сказаў БелТА Андрэй Кунцэвіч.

Музэй плянуецца стварыць у будынку былой аптэкі (1935 год пабудовы), дзе доўгі час працавала маці Алеся Міхайлавіча. Да таго ж у гады Вялікай Айчыннай вайны аптэка служыла явачнай кватэрай партызан. Некаторыя падзеі адлюстраваныя і ў фільмах Адамовіча.

Аптэка ў Глушы, дзе Алесь Адамовіч удзельнічаў у антыфашысцкім падпольлі
Аптэка ў Глушы, дзе Алесь Адамовіч удзельнічаў у антыфашысцкім падпольлі

Плянуецца, што новая ўстанова культуры будзе мець назву — музэй ваеннага летапісу «Вайна пад стрэхамі». Тут будзе экспазыцыя, прысьвечаная жыцьцю і творчасьці Алеся Адамовіча.

«Для мяне інфармацыя пра стварэньне музэю майго бацькі — самая радасная падзея і добры падарунак у першы дзень вясны, — сказала дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч. — Занадта доўга вырашалася гэтае пытаньне на розных узроўнях, але нарэшце лёд крануўся. І я, мае сябры і калегі гатовыя прыкласьці максымум намаганьняў, каб гэтая ідэя як мага хутчэй увасобілася ў жыцьцё. У мяне ёсьць шмат дакумэнтаў, фатаздымкаў, рукапісы і асабістыя рэчы бацькі, якія я гатовая перадаць для стварэньня экспазыцыі ў будучым музэі».

Калі грошы ўдасца сабраць хутка, то музэй ці прынамсі частка экспазыцыі адкрыецца ўжо ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца 90-годзьдзе з дня нараджэньня Алеся Адамовіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG