Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскаму касьцёлу Сьвятога Роха вярнулі зямлю, дзе раней былі Залатагорскія могілкі


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на крыжовым шляху ля касьцёлу сьвятога Роха, архіўнае фота

Гарадзкія ўлады Менску вярнулі касьцёлу Сьвятога Роха (таксама вядомы як касьцёл Найсьвяцейай Тройцы на Залатой горцы) участак зямлі ў 2 га, на якім некалі разьмяшчаліся каталіцкія могілкі, перадае Польскае радыё.

Паводле словаў пробашча парафіі Сьвятой Тройцы ксяндза Юрыя Санько, на ўчастку зьбіраюцца збудаваць палявы алтар, будынак апекі для пажылых і дзіцячую пляцоўку.

Таксама мае быць усталяваны помнік са зьвесткамі пра колішнія Залатагорскія могілкі, зьнішчаныя бальшавікамі. На гэтых могілках хаваць парафіянаў каталіцкіх і ўніяцкіх прыходаў пачалі яшчэ пры канцы XVIII стагодзьдзя, там былі «халерныя могілкі», магілы францускіх салдатаў Напалеона і польскіх салдатаў, загіблых у савецка-польскай вайне.

Надмагільныя пліты ў двары касьцёла Сьвятога Роха, архіўнае фота
Надмагільныя пліты ў двары касьцёла Сьвятога Роха, архіўнае фота

Драўляная капліца на могілках зьявілася ў 1796 годзе, а ў 1842 годзе капліца стала парафіяльным касьцёлам. У 1860-х быў збудаваны мураваны касьцёл у рэтраспэктыўна-гатычным стылі, пры ім пазьней пачала працаваць школа арганістаў. У 1922 годзе бальшавікі канфіскавалі ў касьцёла каштоўнасьці, у 1930-м зачынілі касьцёл. У 1983 годзе касьцёл адрэстаўравалі і разьмясьцілі ў ім канцэртную залю філярмоніі. Набажэнствы і парафія Найсьвяцейшай Тройцы аднавіліся ў 1991 годзе, а ў 2006-м будынак канчаткова вярнулі парафіі.

Гісторыя могілак, «глушылак» і гаражоў на Залатой горцы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG